Дзелавы панядзелак. Добрыя святы павінны вызначаць добрыя справы

Важнае Улада

Кожная пара года – час пераменаў, які прыўносіць свае карэктывы ў паводзіны і самаадчуванне людзей, дзейнасць арганізацый.

Усе любяць вясновае сонейка, вяртанне птушак, зазелянелую траву. Толькі каб усім гэтым пацешыцца, спачатку трэба навесці парадак на веснавым бездарожжы і “пабароцца” са смеццем, якое засталося пасля зімы, стварыць бяспеку для аматараў пешых і велапрагулак, зрабіць уклад у будучы ўраджай, добра папрацаваўшы ў полі.

На гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Ажыўляецца рух на дарозе

Надвор’е за акном усё цяплейшае, таму на дарозе можна назіраць аматараў такога транспартнага сродку, як веласіпед. Жадаючыя пагуляць пешшу таксама ўсё часцей выходзяць на прагулкі. Старшыня райвыканкама заўважыў, што па статыстыцы абласной дзяржаўтаінспекцыі за першы квартал гэтага года ў ліку транспартных здарэнняў наездаў на пешаходаў на Гродзеншчыне было ўдвая больш, чым сутыкненняў аўтатранспарту. Андрэй Уладзіміравіч звярнуўся да ўсіх зацікаўленых службаў з указаннем: з мэтай прафілактыкі нагадаць у навучальных установах, арганізацыях і на прадпрыемствах аб абавязковым выкананні правілаў дарожнай бяспекі, кіраўнікам прадпрыемстваў – звярнуць увагу на тое, каб уся спецвопратка для рабочых і служачых была са святлоадлюстроўваючымі элементамі, прафсаюзам – набыць для работнікаў флікеры, камізэлькі павышанай бачнасці.

Гатовы дапамагчы

Усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вядуць сяўбу, уносяць на палі арганіку, праводзяць падкормку раслін мінеральнымі ўгнаеннямі. Заўвагі прагучалі па марудных тэмпах вясновых работ у гаспадарках “Жукоўшчына” і “Дварэц-Агра”.

– Што датычыцца жывёлагадоўлі, паказчык тэмпу росту валавой прадукцыі па трох месяцах будзе годны. Рэальны сектар эканомікі таксама працуе добра, аб чым сведчаць падатковыя паступленні ў бюджэт раёна, ­– падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Зараз гаспадаркі займаюцца рамонтам і падрыхтоўкай кормаўборачнай тэхнікі, якая хутка будзе запатрабавана на палях. Хачу сказаць, што райвыканкам гатовы “падставіць плячо”, каму неабходна фінансавая падтрымка ў гэтым пытанні.

Навядзём прыгажосць

Тэма навядзення парадку на зямлі зноў была ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады.

– Рэспубліканскі суботнік у гэтым годзе назначаны на 22 красавіка, вызначайце дату правядзення раённага. Не трэба адкладваць у доўгую скрыню, некаторыя аб’екты можна прыбраць і па-за межамі суботніка, калі дазваляе надвор’е, – звярнуўся кіраўнік раёна да свайго намесніка Дзмітрыя Баравіка. – Сумесная праца павінна аб’яднаць дзятлаўчан для добраўпарадкавання населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама месцаў баявой і воінскай славы.

З 15 па 22 красавіка на Дзятлаўшчыне пройдзе акцыя “Тыдзень лесу”, у якой могуць прыняць удзел усе жадаючыя. Дзятлаўскі лясгас ужо вызначыў пляцоўкі, якія маюць патрэбу ў пасадцы насаджэнняў, гатовы забяспечыць валанцёраў неабходным пасадачным матэрыялам, а таксама інвентаром. Як запэўніў Андрэй Садоўскі, раённая ўлада не застанецца ў баку і прыме актыўны ўдзел у акцыі.

Таксама на нарадзе абмеркавалі выкананне планаў на бягучы год па рамонце дваровых тэрыторый – абазначылі пляцоўку шматпавярховак па вуліцы Кірава (дамы з 7 па 11), замене водаправода і каналізацыйных сістэм; 10 аб’ектаў па раёне на 2023 год вызначаны пад знос, 9 – на продаж.

Новыя аб’екты і праграмы

З тэмы навядзення парадку плаўна перайшлі да тэмы святаў, якія набліжаюцца. Калі з рэлігійнымі, а іх у красавіку шмат, усё зразумела, бо тут усё традыцыйна і галоўнае – забяспечыць правапарадак, то майскія святы патрабуюць падрыхтоўкі. Правесці арганізацыйныя камітэты па святкаванні 1 і 9 Мая даручыў старшыня райвыканкама сваім намеснікам, падрыхтаваць культурную праграму, упрыгожыць горад – прадугледзець новыя малыя архітэктурныя формы, “асвяжыць” банеры і іншае.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што добрыя святы павінны вызначаць добрыя справы. Так, да святкавання “1 Мая” будзе ўрачыста з запрашэннем гасцей з Гродна адкрыты пасля капітальнага рамонту 4-ы паверх раённай бальніцы, а напярэдадні Дня Незалежнасці ў Наваельні адкрыецца варкаўт-пляцоўка з вулічнымі трэнажорамі і спартыўным комплексам.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga