Каб дзеці прыйшлі ў адрамантаваныя класы і групы

Галоўнае Грамадства

Некалькі тыдняў засталося да пачатку новага навучальнага года, а таму ва ўсіх 23 установах адукацыі раёна актыўна вядуцца рамонтныя работы.

Як расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, на іх ужо затрачана 470,1 тысячы рублёў, у тым ліку са сродкаў бюджэту 62,8 тысячы на капітальныя і 359,1 тысячы на бягучыя рамонты. Выкарыстоўваліся і сродкі цэнтра занятасці – 10,6 тысячы рублёў; пазабюджэтныя ўстановаў адукацыі – 27,9 тысячы; спонсарскія – 9,7 тысячы.

У рамках капітальнага выконваецца рамонт фасада і даху будынка Новаяльнянскай сярэдняй школы. Найбольш значныя бягучыя рамонты – дахаў установаў адукацыі, а таксама ўкладка тратуарнай пліткі ў дзіцячых садах № 1 і 2, сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, рамонт 2 і 3 паверхаў з заменай дзвярных блокаў у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, 3 паверха Новаяльнянскай сярэдняй школы, актавай залы і замена аконных блокаў у некаторых кабінетах гімназіі № 1 райцэнтра.

Адрамантавана пажарная сігналізацыя ўстановаў адукацыі, зроблены мантаж і наладка сродкаў і сістэмаў аховы, заменены і ўстаноўлены цеплалічыльнікі, праведзены рамонт цеплаўстановак у сярэдняй школе № 1, сістэмы ацяплення – у дзіцячых садах № 1 і 2 горада Дзятлава.

Значная ўвага нададзена ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі раёна, на што толькі ў І паўгоддзі 2023 года скіравана больш за 69,8 тысячы рублёў з бюджэту. Закуплена гульнявое надворнае абсталяванне ў Дварэцкі і Новаяльнянскі дзіцячыя сады, камп’ютарная тэхніка – у Гезгалаўскі і дзіцячы сад № 1 горада Дзятлава, пасудамыечная машына і музычная апаратура – у Новаяльнянскую сярэднюю школу, параканвектаматы – у Казлоўшчынскі і Новаяльнянскі дзіцячыя сады, у рад установаў – дзіцячая мэбля.

Пакупкі ўстановы адукацыі рабілі і за кошт пазабюджэтнай дзейнасці: вокнаў і фальшштораў – у Казлоўшчынскую сярэднюю школу, жалюзі – у сярэднія школы № 1 і 3 горада Дзятлава і Дварэцкую, мэблі – у Дварэцкі дзіцячы сад, тканіны для развіцця школьнай бізнес-кампаніі – у Хвінявіцкую сярэднюю школу, выставачных стэндаў – у Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, будаўнічых матэрыялаў – у Хвінявіцкую і Дварэцкую сярэднія школы, дзіцячы сад № 2 і сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава, Новаяльнянскую сярэднюю і Раклевіцкую базавую школы, Новаяльнянскі дзіцячы сад.

Асноўныя рамонтныя работы прадоўжацца да 14 жніўня, а 15 і 16 маніторынгавай камісіяй будзе праведзены аналіз гатоўнасці ўстановаў адукацыі да арганізацыі адукацыйнага працэсу і пачатку новага 2023-2024 навучальнага года. Вынікі аналізу будуць прадстаўлены на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Аддзел адукацыі дзякуе раённаму выканаўчаму камітэту, старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму, спонсарам, законным прадстаўнікам навучэнцаў за дапамогу, аказаную ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года: сумеснымі намаганнямі мы робім ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны прыгожымі, камфортнымі і зручнымі для дзяцей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga