Дзелавы панядзелак. Зямля павінна быць дагледжана

Важнае Улада

Актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна традыцыйна былі разгледжаны ў панядзелак на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

У поле зроку раённай улады вялікі пералік праблемных пытанняў і аналіз даручэнняў, дадзеных па выніках аналагічнага мерапрыемства.

Кожны пагодлівы дзень – выкарыстоўваць па максімуму

Аналіз спраў у сельскагаспадарчай галіне ў гарачую пару ўборачнай кампаніі пачынаецца з інфармацыі па тэмпах работ.

– Бягучы тыдзень вызначаецца сухім надвор’ем, што дазволіць аграрыям рэзультатыўна папрацаваць, як на жніве, так і на ўборцы саломы, нарыхтоўцы кармоў, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.

Таксама ён паведаміў, што ўсе гаспадаркі прыступілі да сяўбы рапсу. Андрэй Садоўскі паставіў задачу дзятлаўскім прадпрыемствам завяршыць работы па рапсе да 25 жніўня.

Абмеркавалі падрыхтоўку да ўборкі цукровых буракоў. Плошча пасеваў гэтай культуры ў Дзятлаўскім раёне складае 760 гектараў.

Андрэй Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу кіраўнікоў гаспадарак на дэталёвым падыходзе пры набыцці новай сельскагаспадарчай тэхнікі: з улікам неабходнасці, нагрузкі на яе і перспектывай рэалізацыі выканання агранамічных працэсаў, дзякуючы прагрэсіўным навінкам сельгасмашынабудавання.

Прыродныя аб’екты патрабуюць аздараўлення

На мінулым тыдні ў раёне прадоўжана выкашванне залатарніку канадскага ў месцах найбольшага яго распаўсюджання (тэрыторыя Дварэцкага сельсавета). Застаўся яшчэ адзін участак на плошчы 0,75 гектара.

Кіраўнік раёна даручыў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя планаваць на наступны год фінансаванне хімічнай апрацоўкі земляў для знішчэння раслінаў-шкоднікаў, паколькі механічны спосаб выдалення ў прымяненні зразумелы, аднак малаэфектыўны – умовы надвор’я пры падкосцы дазваляюць гэтым раслінам даволі хутка адрастаць.

Таксама гаварылі пра плануемыя работы па ачыстцы возера ў Казлоўшчыне – у верасні ўжо будзе гатова праектна-каштарысная дакументацыя.

Разбіраюцца адказныя службы з прычынамі актыўнага зарастання возера ў Дзятлаве па вуліцы Навагрудскай, якое было прыведзена ў належны стан напрыканцы 2021 – пачатку 2022 года. Усяго праз невялікі адрэзак часу, крыху больш за год, яму зноў патрабуецца “рэанімацыя”.

Што на кантролі ратаўнікоў?

Размова на планёрцы закранула рамонт печаў і электраправодкі ў прыватных домаўладаннях.

Як праінфармаваў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, усе запланаваныя работы за кошт бюджэтных сродкаў у домаўладаннях, якія належаць сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян, выкананы. Засталіся толькі тыя дамы, дзе самі людзі павінны паклапаціцца пра стан печаў і электраправодкі, ратаўнікамі вызначаны тэрмін для выпраўлення недахопаў і неабходных рамонтаў – да 1 верасня. Гэтыя домаўладанні будуць на пастаянным кантролі ў членаў назіральных камісій.

Таксама ратаўнікі нагадалі аб неабходнасці асцярожных паводзінаў грамадзян на вадаёмах і ў лясах, паколькі на бягучым тыдні сіноптыкі абяцаюць спякотнае надвор’е, таму клас пажарнай небяспекі будзе ўзрастаць, і вадаёмы папоўняцца наведвальнікамі.

Выплаты – на 100 %

Напярэдадні новага навучальнага года ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” ў рамках штогадовай акцыі “Збяром дзяцей у школу” на Дзятлаўшчыне са сродкаў бюджэту аказана матэрыяльная дапамога 588 дзецям з 279 шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Яе выплата ажыццяўлялася па заяўным прынцыпе і выканана ў 100-працэнтным аб’ёме.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: