Месячнік аграэкатурызму крочыць па рэспубліцы

Свежыя навіны Спорт і турызм

Упэўненым крокам ідзе ён і па нашым раёне. А каб рух гэты быў мэтанакіраваным і правільна арганізаваным заканадаўча, сектар спорту і турызму  райвыканкама сумесна з Дзятлаўскім турінфацэнтрам  папярэдне арганізавалі маніторынг аграсядзіб раёна.

Іх у нас чатыры – “Каля дуба”, “Раднік”, “Накрышкі”, “Домік ля Шчары”. Наведалі ўсе аграсядзібы, паглядзелі, ці гатовы яны да прыёму турыстаў, пагаварылі пра варыянты супрацоўніцтва і, безумоўна, яшчэ раз нагадалі пра выкананне нормаў заканадаўства ў сферы аграэкатурызму.

Вынікі наведвання паказалі, што гаспадары аграсядзіб пастаянна клапоцяцца пра добраўпарадкаванне тэрыторый, стварэнне камфортных умоваў для адпачынку турыстаў. Прыемная атмасфера, сельскія пейзажы, паслугі, якія прапануюць гаспадары, – усё гэта садзейнічае не толькі адпачынку на прыродзе ў сельскай цішы, але і знаёміць з традыцыямі вясковага жыцця, непаўторнымі прыроднымі аб’ектамі. Станоўчым з’яўляецца і ўкараненне новых паслуг. Так, напрыклад, удзел аграэкасядзібы “Каля дуба” ў раённай акцыі “Дзятлаўшчына гераічная” праз правядзенне сумесна з Дварэцкім домам культуры праграмы “На сонечнай паляначцы” паказвае, што магчымасцей і варыянтаў сумеснай з турыстычнай сферай раёна арганізацыі адпачынку шмат.

Ідзе актыўная творчая работа з уласнікам аграэкасядзібы ў в. Накрышкі па ўключэнні яе як аб’екта ў турыстычны маршрут «На краі Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя», з уласнікам аграэкасядзібы «Раднік» — па арганізацыі інтэрактыўнай рыбалкі ў новым стылі.

Ідэй шмат, развіццё аграэкатурызму намечана, і планы паступова ператвараюцца ў жыццё. Распачаўся летні сезон адпачынку. Тэлефануйце нам – і мы арганізуем для вас непаўторны ўікэнд на аграэкасядзібах Дзятлаўшчыны. Тэл.8-01563-3-25-58.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga