Дзелавы панядзелак. На сітуацыю ўплываць усім разам

Важнае Улада

Аб пажарах, навядзенні парадку на зямлі, уборачнай кампаніі, выплаце дапамогаў, будаўнічых і рамонтных работах, энергазберажэнні і іншых пытаннях гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Ратаваць і берагчы

Навальнічны фронт, які “накрыў” Гродзенскую вобласць у апошнія суткі, стаў першачарговай тэмай нарады. Па інфармацыі РАНС, аб’екты і людзі ў раёне не пацярпелі, зваротаў аб падтапленнях прысядзібных участкаў не было, кропкавае адключэнне электраэнергіі аднаўлялася ў кароткі тэрмін.

Па тэме бяспекі звярнулі ўвагу на набліжэнне ацяпляльнага перыяду.

Андрэй Садоўскі паставіў задачу аператыўна завяршыць усе работы па рамонце пячнога ацяплення і электраправодкі ў жылым сектары, на асабістым кантролі трымаць падрыхтоўку да зімы навучальных установаў. Таксама Андрэй Уладзіміравіч заўважыў, што неабходна тлумачыць суседзям тых домаўладанняў, на якія ўстанаўліваюцца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі з вывадам сігнальна-гукавой прылады на фасад будынка, што трэба рабіць, калі спрацаваў такі апавяшчальнік.

Дарэчы, з пачатку года ў вобласці адбылося 427 пажараў, на Дзятлаўшчыне – 19, у іх загінулі 4 чалавекі.

Не менш важным было на нарадзе абмеркаванне абследавання аб’ектаў уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю. У сувязі з павышанай вільготнасцю максімальная нагрузка сёння складваецца на зернесушыльных комплексах.

– Кантроль тэхнічнага стану комплексаў павінен быць узмоцненым, правярайце наяўнасць сродкаў пажаратушэння, нагадвайце работнікам алгарытм дзеянняў пры ўзнікненні ўзгарання, не забывайце і пра іншыя аб’екты сельскагаспадарчай галіны, – даручыў ратаўнікам кіраўнік раёна.

Аграрныя справы

Усімі прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці практычна завершана ўборка рапсу. ААТ “Граніт-Агра” і КСУП “Войневічы” прыступілі да сяўбы люцэрны. На бягучым тыдні пачнецца сяўба азімага рапсу – насеннем забяспечаны ўсе гаспадаркі. Ёсць складанасці па аб’ёмах ворыва, нізкай актыўнасці па вывазе саломы з палёў. Пра гэта, а таксама пра парушэнні некаторымі гаспадаркамі тэхналагічных працэсаў у вырошчванні раслін заўважыў старшыня райвыканкама. Андрэй Уладзіміравіч паставіў на кантроль і прадаўжэнне нарыхтоўкі кармоў у раёне.

Ураджай з дзяржаўнай зямліна ўласны падворак

Зразумела, што сельская гаспадарка зараз пад самай пільнай увагай па ўсіх пазіцыях. Не зніжаюць кантроль за захаваннем матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей у гаспадарках і праваахоўнікі.

На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне былі зафіксаваны факты крадзяжу паліва работнікамі АПК, затрыманы некалькі чалавек на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Як адзначылі на нарадзе, калі вартаўнік п’яны, то пра якое захаванне матэрыяльных каштоўнасцей можна гаварыць – парадак навесці павінен гаспадар.

Праводзіцца праверка па сітуацыі з выездам у тры гадзіны ночы аўтамабіля МАЗ аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Машына прыцягнула ўвагу міліцыянераў менавіта з-за “начнога аўтарандэву”. Вадзіцель МАЗа прызнаўся праваахоўнікам, якія яго затрымалі, што вязе скрадзенае ў гаспадарцы насенне рапсу для сваіх свойскіх гадаванцаў. Хто і якім чынам выпусціў ноччу на лінію аўтамабіль гаспадаркі, ды яшчэ і з “багаццем”, высвятляюць следчыя органы.

Пракурор раёна Віталій Юрго расказаў пра зафіксаваны факт 20-хвіліннага прастою камбайна ў полі ў чаканні аўтамабіля для выгрузкі сабранага зерня. Віталій Станіслававіч акцэнтаваў увагу кіраўнікоў гаспадарак на недапушчэнні падобных сітуацый і максімальнай мабілізацыі ўсіх сіл, людзей і тэхнічных сродкаў у час уборачнай.

Іншыя тэмы коратка

На Дзятлаўшчыне актыўна ідзе падрыхтоўка да раённых “Дажынак-2023”. Плануецца адзначыць галоўнае сельскагаспадарчае свята новага ўраджаю 26 жніўня на плошчы 17 Верасня райцэнтра.

****

Шматдзетныя сем’і раёна, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей, з 4 жніўня пачалі атрымліваць дзяржаўную аднаразовую матэрыяльную дапамогу для падрыхтоўкі да навучальнага года. На кожнае дзіця-школьніка належыць 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (109 рублёў 32 капейкі). Дапамога шматдзетным бацькам прадастаўляецца незалежна ад даходу сям’і.

****

29 жніўня работнікі адукацыі Дзятлаўшчыны сустрэнуцца на традыцыйнай раённай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі – пляцоўцы для прафесійных стасункаў, магчымасці падзяліцца поспехамі і дасягненнямі, абмеркаваць новыя планы, вызначыць прыярытэты развіцця ў надыходзячым навучальным годзе.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga