Ведае ўчастковы. Як не сапсаваць сабе адпачынак на пляжы?

Важнае Здарэнні і бяспека

На пытанне адказвае ўчастковы інспектар міліцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Плаўскі:

– У наш час даволі рапаўсюджанай з’явай становяцца крадзяжы на пляжах, тым больш што на такіх аб’ектах цяжка адрозніць злодзея ад звычайнага адпачывальніка.

Будучую ахвяру зламыснікі, як правіла, выбіраюць загадзя – па “засвечаным багацці”. Гэта могуць быць грошы, мабільны тэлефон, фотаапарат, якія людзі неабачліва бяруць з сабой і пакідаюць без нагляду.

Што трэба памятаць, каб не стаць на пляжы ахвярай злодзеяў:

– не бярыце з сабой шмат грошай – невялікай сумы хопіць, каб купіць асвяжальныя напоі ці марожанае, аб пярсцёнках, ланцужках, бранзалетах і гадзінніках наогул лепш забыцца;

– варта пакінуць дома і мабільныя тэлефоны – застацца на некалькі гадзін без сувязі для сучаснага чалавека складана, але несмяротна;

– не трэба браць на пляж лічбавыя фотаапараты, безумоўна, на адпачынку хочацца захаваць у памяці кожную хвіліну, але калі ідзеш загараць адзін, то давядзецца абысціся без яго ці, у адваротным выпадку, адмовіцца ад купання.

Калі вы ўсё ж такі прынеслі на пляж дарагія рэчы, не пакідайце іх без увагі:

– не кладзіце такую маёмасць за спінай – трымайце яе навідавоку;

– не спіце, бо часта ахвярамі злодзеяў становяцца людзі, якія дрэмлюць, накрыўшы твар ручніком;

– не злоўжывайце алкагольнымі напоямі;

– найлепш адпачывайце каля вады кампаніяй – тады за рэчамі заўсёды будзе прыгляд.

Калі вы сталі ахвярай пляжных злодзеяў, неадкладна звяртайцеся ў бліжэйшы аддзел міліцыі і пішыце заяву, бо беспакаранасць падштурхоўвае зламыснікаў да новых дзеянняў і пацярпець могуць іншыя адпачывальнікі.

Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga