“Крок да поспеху” – любоў да Радзімы

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нягледзячы на летнія канікулы, выхаваўчы працэс не спыняецца, а таму педагогі і дарослыя выбіраюць найбольш цікавыя фарматы, каб прывіць падрастаючаму пакаленню адказнасць, пачуццё патрыятызму і любоў да роднай старонкі.

На гэта, а таксама на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі скіравана рэспубліканская акцыя “Крок да поспеху”, у рамках якой адбылася сустрэча выхаванцаў дзіцячага аддзялення “Баравічок” філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь Вадзімам Лакізам.

На малой радзіме, якой для яго з’яўляецца дзятлаўская зямля, Вадзіма Леанідавіча гасцінна віталі галоўны доктар санаторыя “Радон” Леанід Карпішэвіч і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце аддзялення “Баравічок” Таццяна Варган.

– Да нас завітаў неардынарны госць – Вадзім Леанідавіч  – ураджэнец вёскі Явар Дзятлаўскага раёна, – адзначыла Таццяна Браніславаўна. – Нам ён цікавы яшчэ і тым, што ў 2015-2018 гадах у школе аддзялення працавала яго матуля Раіса Уладзіміраўна. Яна не проста Чалавек з вялікай літары, але і педагог па жыцці. Яе розум, прыгожае граматнае маўленне, уменне пісаць вершы засталіся ў памяці дзяцей, якія адпачывалі ў “Баравічку” ў той перыяд, і менавіта яе выхаванне дало шчаслівую пуцёўку ў жыццё сыну. Таму слухайце уважліва, задавайце пытанні, пераймайце лепшае.

У час выступлення перад дзецьмі Вадзім Лакіза расказаў, якія “крокі да поспеху” зрабіў ён сам, як няпроста адразу было вызначыцца з будучай спецыяльнасцю, дзе яго “павадзіла” жыццё і якую ролю ў лёсе адыгралі розныя людзі, бадай галоўная з іх належала класнаму кіраўніку, які быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Лейтматывам, які гучаў на працягу ўсяго аповеду навукоўца было “Не трэба баяцца – трэба дзейнічаць”. Спыніўся Вадзім Леанідавіч і на гістарычнай спадчыне нашай Радзімы, расказаў пра разнастайныя археалагічныя знаходкі, у тым ліку супрацоўніцтва з летнікам “Юны археолаг” гімназіі № 1 горада Дзятлава і раскопкі на тэрыторыі нашага раёна, назваў зборнікі гістарычнай літаратуры, якія былі выпушчаны акадэміяй і могуць зацікавіць аматараў даўніны, прадставіў слайды з месцаў пошуку, а таксама з фотаздымкамі гісторыка-культурных помнікаў з розных куткоў Беларусі. Юныя слухачы з задавальненнем адказвалі на пытанні госця, самі іх задавалі і за актыўнасць атрымлівалі прызы.

На памяць аб сустрэчы госць і гаспадары пляцоўкі абмяняліся падарункамі.

– Гэты дзень запомніцца многім, – адзначыў Леанід Карпішэвіч, дзякуючы госцю за змястоўнае выступленне. – Магчыма, для кагосьці з дзяцей ён стане лёсавызначальным. Хочацца, каб падобныя мерапрыемствы ладзіліся ў “Баравічку” рэгулярна, хаця б раз на год.

На развітанне Вадзім Леанідавіч расказаў пра значэнне мерапрыемстваў, у якіх ён удзельнічае:

– У рамках рэспубліканскай акцыі “Крок да поспеху” Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, Нацыянальная акадэмія навук уключыліся ў папулярызацыю дасягненняў. Славутыя людзі краіны расказваюць, як яны прайшлі свой шлях і сталі кіраўнікамі або вядомымі вучонымі. Па ўсёй Беларусі ў розных спартыўных і аздараўленчых летніках праходзяць мерапрыемствы гэтай акцыі. Напрыклад, ад нашай акадэміі да працэсу далучыліся 10 чалавек. Лічу, што гэта правільна. Магчыма сказаныя словы дойдуць не да кожнага, аднак некаторы працэнт мы здолеем “запаліць” сваім прыкладам, і яны зразумеюць, зробяць адпаведны выбар у сваім жыцці – гэта плюс акцыі. У мінулым месяцы ў Талочынскім раёне я сустракаўся з дзецьмі ў спартыўна-аздараўленчым летніку “Ніва”. Уявіць жа сабе ліпень без малой радзімы не мог, тым больш што тут, у “Баравічку” адпачываюць выхаванцы з розных куткоў Беларусі. Не толькі падыхаў родным паветрам, але і перадаў дзецям свае эмоцыі. Сёння яны павінны быць у любой справе, бо без перажыванняў нічога не выходзіць. Часам, чалавека неабходна падштурхнуць, магчыма, паўшчуваць, паказаць найбольш важныя моманты з уласнага жыццёвага вопыту, з гісторыі былой эпохі. Мне, як гісторыку, важна паказаць, якая прыгожая, класная наша краіна. Яна суверэнная, незалежная з багацейшай гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчынай. Сёння многія моманты я прадэманстраваў на слайдах. Спадзяюся, дзеці прыедуць дахаты і, няхай не ўсе, але хтосьці возьме за руку бацькоў і закліча пабываць, калі яшчэ не былі, у Белавежскай Пушчы, Мірскім, Нясвіжскім, Лідскім замках, Жыліцкім палаца-паркавым комплексе або на алеі Герояў у Свіслачы. У нас 118 раёнаў, і кожны з іх можа ганарыцца сваёй спадчынай, славутай гісторыяй, землякамі, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё і станаўленне роднай краіны.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga