На Дзятлаўшчыне працягваюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.
Першыя юбілейныя медалі ўручылі сёння воінам-інтэрнацыяналістам, якія жывуць у Дзятлаўскім раёне.
Так, напярэдадні 15 лютага павіншаваць са святам і ўручыць юбілейны медаль у госці да Віктара Лябецкага прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Драгунскі і актывісты раённага грамадскага аб’яднання «БРСМ» на чале з першым сакратаром Кацярынай Хілімончык.
Аляксандр Дубовік выказаў Віктару Лябецкаму словы падзякі за мужнасць і адвагу ў цяжкіх ваенных абставінах, пажадаў самага галоўнага ў жыцці — здароўя і даўгалецця.
Падтрымаў словы старшыні райвыканкама Генадзь Суравец. Ён адзначыў, што нашы салдаты годна выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, і гэта вялікая падстава ганарыцца сваімі землякамі.
Моладзь Дзятлаўшчыны пажадала Віктару Уладзіміравічу пакінуць усе жахі афганскай вайны ў мінулым дзеля светлай будучыні.
Ад раённай арганізацыі «БРСМ» Кацярына Хілімончык перадала Віктару Лябецкаму падарункі і кветкі.
Шмат маладых дзятлаўчан выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, і пра гэта ніхто не забудзе.
Юбілейныя медалі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” таксама ўжо ўручылі Сяргею Лазоўскаму, Сяргею Рудолю і Аляксандру Сцяпуру.