Дзе ў Дзятлаве скарыстацца паслугамі хімчысткі?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Магчыма, не ўсе жыхары нашага раёна, ды і самога Дзятлава ў прыватнасці, ведаюць, што ў райцэнтры пачаў функцыянаваць прыёмны пункт па аказанні паслугаў пральні і хімчысткі ААТ “Лідскі камбінат бытавых паслугаў”.

Працуе ён у памяшканні пад нумарам 6, на першым паверсе гандлёва-сэрвіснага цэнтра па вуліцы Міцкевіча 1/2 (будынак былой гасцініцы “Ліпічанка”).

Больш падрабязна пра графік работы, аказваемыя паслугі і асартымент тавараў, якія тут будуць рэалізоўвацца, расказала прыёмшчык Надзея Афанасенкава:

– Пакуль што мы вывучаем попыт і пакупніцкую актыўнасць дзятлаўчан, у залежнасці ад якіх будзе карэкціравацца аб’ём паслугаў прыёмнага пункта і асартыментны пералік яго тавараў. Графік работы ўжо зацверджаны. Сваіх кліентаў мы чакаем у сераду з 10 да 14 гадзін. Найдаўжэй працуем у чацвер – з 10 да 18 з перапынкам з 14 да 15 гадзін. Кожны чацвер будзе хадзіць і машына камбіната, якая з Ліды пачне прывозіць выкананыя заказы і новую прадукцыю на продаж, таксама стане забіраць на камбінат здадзеныя дзятлаўчанамі рэчы для мыцця і хімчысткі. Лічу, што гэты дзень выбраны даволі зручна, бо ў райцэнтры ён яшчэ і базарны, а таму прыязджаюць па пакупкі і могуць заадно зазірнуць да нас жыхары сельскай мясцовасці. Па пятніцах наведаць прыёмны пункт можна з 14 да 18 гадзін, па суботах – з 10 да 15. Тэлефон для даведак у горадзе Лідзе 8-0154-60-84-01.

– Надзея Фёдараўна, а якія паслугі прапаноўваеце жыхарам раёна?

– Лідскі камбінат бытавых паслугаў будзе прымаць ад жыхароў Дзятлаўшчыны ў пральню і хімічную чыстку дываны (ковры) і дывановыя вырабы; верхняе адзенне, у тым ліку паліто, курткі, пухавікі, пінжакі, плашчы, футра, дублёнкі; здаваць можна вясельныя сукенкі і вырабы з далікатных тканінаў; пакрывалы, пледы, коўдры; рабочую вопратку; абутак і многае іншае ад мяккіх цацак да моташлемаў. Яшчэ кліенты змогуць заказаць пафарбоўку абутку і адзення, азаніраванне вырабаў. Больш падрабязна азнаёміцца з умовамі здачы сваіх рэчаў, даведацца пра цэны на паслугі, задаць хвалюючыя пытанні можна на месцы, у прыёмным пункце.

– Ці ёсць абмежаванні па памерах і вазе рэчаў, якія кліенты пажадаюць здаць?

– Такіх абмежаванняў не ўстаноўлена. Адзначу толькі, што некаторыя вырабы мы прымаем паштучна, а некаторыя – на вагу. Так, напрыклад, дываны ацэньваюцца за метр квадратны, а пледы і коўдры – на вагу. Паштучна ацэньваем курткі, пінжакі, паліто, а галаўныя ўборы, пальчаткі, гальштукі, рабочую вопратку прымаем для прання на вагу. Таксама ажыццяўляем чыстку падушак, пры жаданні – з заменай напернікаў.

– Ёсць у вас служба дастаўкі?

– Пакуль няма, аднак у перспектыве яна можа з’явіцца для больш важкіх рэчаў і за дадатковую аплату кліента. Размова з кіраўніцтвам камбіната аб гэтым ужо вялася.

– Бачу, што на паліцах ёсць тавар і для продажу.

– На рэалізацыю ў прыёмным пункце прадастаўлена ўласная прадукцыя Лідскага камбіната бытавых паслугаў – падушкі, пасцельная бялізна, ручнікі, у хуткім часе з’явіцца парфюмерыя, сродкі асабістай гігіены і бытавой хіміі, розныя карысныя гаспадарчыя дробязі, такія як накрыўкі, пакеты для запякання і іншае.

– Ці ёць планы на пашырэнне?

Усё будзе залежаць ад запатрабаванасці ў насельніцтва. Калі попыт на Дзятлаўшчыне будзе высокім, то, мяркую, можа быць пашыраны як асартымент тавараў, так і пералік паслугаў, павялічаны графік работы. Адным словам, прыходзьце, прыцэньвайцеся, карыстайцеся.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: