90-е лета Баляслава Свіба

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сваё падарожжа па Дзятлаўшчыне прадаўжае праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На гэты раз з візітам дабра, радасці і песні артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук і Таццяна Палуносік разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Міхаілам Губарам завіталі да доўгажыхара з вёскі Апаліна-Басіна – Баляслава Свіба. Сонечным ліпеньскім днём Баляслаў Іванавіч сустрэў свой 90-ы дзень нараджэння. З нагоды важкай юбілейнай даты госці прывезлі шаноўнаму земляку памятныя падарункі і яркую песенную паштоўку. Імянінніку жадалі бадзёрага даўгалецця, моцнага здароўя, шчаслівых дзён, напоўненых клопатам блізкіх людзей, аптымізму, шчодрага дабрабыту і яснага мірнага неба над галавой.

Душэўныя песні мінулых гадоў навеялі Баляславу Іванавічу шмат успамінаў, якімі ён з задавальненнем падзяліўся з гасцямі, адну за адной прагортваючы старонкі свайго жыцця.

Доўгажыхар расказаў, што нарадзіўся ён у далёкім 1933 годзе ў вёсцы Яцвезь. Дзяцінства было нялёгкім, бо яго апаліла Вялікая Айчынная вайна. Здаецца, самым страшным з дзіцячых уражанняў стаў той дзень, калі яго ледзь не расстралялі. А было ўсё так. Пры акупацыі раёна ў іх вёску прыйшлі ворагі, якіх на пастой рассялілі па хатах. Сям’і Баляслава пашчасціла: шмат чалавек тулілася ў невялікай хацінцы, на якую захопнікі не паквапіліся. У суседзяў жа з’явіліся незайздросныя пастаяльцы. Дзевяцігадовы Болесь бегаў туды на падворак гуляць з хлопчыкамі, а заадно заўважыў, што без асаблівага нагляду ў даступных месцах ляжаць патроны. Дзень за днём ён запіхваў па некалькі штук сабе ў кішэні і прыносіў дамоў. Схованку зладзіў у звычайным кошыку, а хаваў яго ў хляве, дзе стаяла карова. У хуткім часе кош назбіраўся амаль поўны, і юны здабытчык усё часцей пачаў задумвацца, як перадаць гэту зброю партызанам, якія па начах час ад часу наведваліся ў вёску. Аднойчы хлопчык страціў пільнасць і не заўважыў, што за працэсам “назапашвання патронаў” цікуе вораг, аж пакуль той не схапіў яго за каўнер. Пад дулам аўтамата давялося прывесці захопніка дамоў і аддаць яму кошык з патронамі. Невядома, чым бы ўсё скончылася, бо вораг меў намер выстраліць, але з хаты, адчуўшы няладнае, выскачыла маці. Яна схапіла хварасціну і з усяго маху саданула ёю сына. Болесь, не разгубіўшыся, кінуўся наўцёкі – на тым расстрэл і скончыўся, а хлопчык у далейшым і думаць забыўся пра крадзеж патронаў.

Узгадаў наш зямляк і тое, як у гады ваеннага ліхалецця дарослыя вяскоўцы ўпотай талакою збіралі для партызанаў зерне, яйкі, курэй, а потым на падводах пад страхам смерці, хаваючыся, адвозілі ўсе харчы ў лес, затым расказвалі, як шчыра дзякавалі за такую падтрымку народныя мсціўцы.

Пасля вайны сям’і Свібаў жылося няпроста: шмат працавалі, каб пракарміцца, хварэла маці, таму Баляслаў скончыў усяго чатыры класы і заставаўся дома на гаспадарцы. У новую хату бацькі пераехалі, калі сын ужо збіраўся ў армію. На службу ён быў прызваны ў 1953-ім і адслужыў па тым часе тры гады: спачатку два ў Забайкаллі ў артылерыі, апошні – у Іркуцку ў будаўнічых войсках на будоўлі чыгуначных аб’ектаў, там і вывучыўся карыснаму рамяству.

Вярнуўшыся на малую радзіму, юнак уладкаваўся ў Дзятлаўскую міжгаспадарчую будаўнічую арганізацыю. Там сустрэў сваё каханне – будучую жонку Ірыну, з якой сёлета адсвяткавалі 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця. “Брыльянтавая” сямейная пара Свібаў цяпер “багатыя” дзядуля і бабуля, яны выгадавалі сына і дзвюх дачок, дачакаліся 6 унукаў і 10 праўнукаў.

Баляслаў Іванавіч расказаў, што з любімай жонкай узяў шлюб у 1963 годзе. Затым, каб дагледзець бацькоў, перайшоў на работу будаўніком у калгас, адзін за адным нараджаліся дзеці. Жыццё ў вёсцы вымушала шмат працаваць, вольнага часу было мала, аднак Баляслаў Іванавіч вылучаў для сябе хвілінку на любімыя захапленні – рыбалку ці паход у лес па грыбы. Дарэчы, на “ціхае паляванне” ён з задавальненнем хадзіў і ў шаноўныя восемдзесят “з хвосцікам”, толькі ў апошнія некалькі гадоў асцерагаецца быць адзін у лесе. Затое любімая жонка назначыла яго “дырэктарам агарода”. Юбіляр яшчэ спраўляецца на ім з сезоннымі работамі, ён лічыць, што актыўны лад жыцця – гэта і ёсць яго асабісты сакрэт даўгалецця. Наш зямляк не любіць сумаваць, таму з задавальненнем вечарамі глядзіць тэлевізар і падпявае гасцям музычных перадачаў, нездарма і яго сын Чэслаў шмат гадоў сябруе з песняй і працуе ў сферы культуры Дзятлаўшчыны.

Маладому пакаленню з пазіцыі важкага жыццёвага вопыту Баляслаў Свіб жадае ніколі не зведаць вайны, жыць у шчасці і дабрабыце, моцна трымацца сваіх каранёў.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga