Сваё паказаць і ў іншых паглядзець

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне прайшоў агляд-конкурс пасеваў сельскагаспадарчых культур.

У ім прынялі ўдзел першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, спецыялісты ўпраўлення, землеўпарадкавальнай службы, прадстаўнікі раённых інспекцый па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кіраўнікі і галоўныя аграномы гаспадарак.

Камісія ацэньвала стан пасеваў, звяртала ўвагу на выкананне нормы высеву, аптымальнай гушчыні і выраўнаванасці раслін, унясенне мінеральных угнаенняў, правядзенне хімахоўных работ, узворванне і ўцягванне ў гаспадарчы абарот патэнцыйна ўрадлівых і пустуючых земляў, якія прылягаюць да сельскагаспадарчых аб’ектаў, якасць сяўбы і іншыя аспекты.

Удзельнікі агляду пабывалі на палетках КСУПаў “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”, “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра” і “Дварэц-Агра”, ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”, СГФ “АграМілк”.

– У кожнай гаспадарцы свае падыходы і фінансавыя магчымасці, таму прымяняліся розныя тэхналогіі і схемы работы, што нам прадэманстравалі ў час агляду, – расказаў Віталій Шулейка. – Сёлета вясна была неардынарная: ад пераўвільгатнення да засухі, толькі цяпер пайшлі дажджы, якія змаглі палепшыць сітуацыю. Таму было цікава назіраць, як выглядаюць пасевы з рознымі тэрмінамі высеву і схемамі апрацоўкі. Бачым, што ёсць як пацярпелыя ад надвор’я, так і выдатныя: радуюць рапс, цукровыя буракі, бульба, кукуруза.

У час сустрэчы прадстаўнікі гаспадарак не толькі абмеркавалі надзённыя справы, абмяняліся прагрэсіўным вопытам па вырошчванні сельскагаспадарчых культур, але і вызначылі стратэгію далейшых дзеянняў.

Па выніках агляду-конкурсу прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у ААТ “Граніт-Агра”, другое – КСУП “Хвінявічы”, трэцяе – КСУП “Войневічы”. Акрамя тройкі прызёраў, былі вызначаны лепшыя гаспадаркі ў вырошчванні асобных культур: азімыя зерневыя і зернебабовыя – КСУП “Хвінявічы”, азімы рапс – СГФ “АграМілк”, яравыя зерневыя і зернебабовыя – ААТ “Граніт-Агра”, лён-даўгунец – ААТ “Дварэц-Агра”, бульба – КСУП “Жукоўшчына”, цукровыя буракі – КСУП “Войневічы”, грэчка – ТАА “РоданАграПол”.

Наталля АВЯРЧУК