Ала Аўдзейчык. З песняй – на малую радзіму (+відэа)

Важнае Грамадства

У вялікім суботнім канцэрце “Мая любоў – мая краіна”, які прайшоў на Дзятлаўшчыне 8 жніўня, прыняла ўдзел наша таленавітая зямлячка – салістка Гродзенскай абласной філармоніі Ала Аўдзейчык.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў Алы Паўлаўны, ці любіць яна бываць на малой радзіме, якія ўражанні ў спявачкі ад такіх візітаў.

– Дзятлаўшчына для мяне – зямля святая, – зазначае Ала Аўдзейчык. – На жаль, з майго роду тут ужо нікога не засталося. Але для мяне бываць у гэтых мясцінах заўсёды вялікае шчасце, лячу да роднай старонкі, як на крылах. Асабліва гэта адчувальна з узростам. Як бы хацелася вярнуць тыя гады, калі прыязджаеш – і цябе чакаюць родныя. На жаль, іх няма, але ёсць землякі, якія ведаюць мяне, ведалі маіх бацькоў.

Узгадваю канцэрт у Таркачах. Яго мне аднойчы арганізаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама. Якая цеплыня, энергетыка! Людзі прыходзілі з суседніх вёсак. Я разумела, што проста не маю права для іх спяваць кепска, “з халадком”. Спяваю “Маму і тату” – зала плача, а мне нельга, я – на сцэне. Да самой душы кранулі шчырасць і ўвага вяскоўцаў. Для мяне яны – людзі дарагія, шчырыя працаўнікі. Я вырасла побач з імі, ведаю, якія ў іх чыстыя сэрцы. Яны гатовы прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну.

На малой радзіме я адпачываю душой і целам, але спяваць тут складаней. Землякі “чытаюць” мяне, як адкрытую кнігу, таму тут асабліва шчыра выконваю свае творы. Стараюся трымаць планку, падымаць яе з кожным канцэртам.

– Якія песні прысвяцілі землякам на гэты раз?

– У мяне шмат песень пра зямлю, пра Бацькаўшчыну. Такія песні мне даюцца лёгка, я іх прапускаю праз душу і магу перадаць моцную аўру гэтых твораў слухачам. Увогуле, вельмі ўважліва адношуся да сэнсу песень. А калі глыбокі сэнс спалучаюцца з цудоўнай мелодыяй – гэта проста падарунак лёсу. Думаю, што землякі рады былі пачуць найбольш пранікнёныя мае песні: “Прызнанне”, “Матулін голас”.

– Ці ёсць на Дзятлаўшчыне людзі, якім вы ўдзячны?

– Я шчыра ўдзячна ўсім землякам. І калі мясцовыя ўлады мяне запрашаюць прыехаць з канцэртам – ніколі не магу сказаць “не”. Гэта мая Бацькаўшчына, дзе я выгадавалася, дзе мне падставілі плячо, калі былі складаныя перыяды жыцця. Гэта зямля дала мне пуцёўку у будучыню, паставіла на крыло. Моцныя рукі, добрыя справы, светлыя намеры дзятлаўчан надалі сілы рухацца далей, расці творча, рэалізаваць сябе. Нізкі ім за гэта паклон. Таму кожны мой візіт на родную старонку – вялікая радасць. Я да гэтага часу сумую па малой радзіме, хоць у Гродне жывуць дзеці, ёсць шмат сяброў.

– Ці лічыце вы сябе шчаслівай?

– Цяпер лічу. У мяне – цудоўныя дзеці і ўнукі, выдатныя сябры і землякі. Мне камфортна працаваць у сваёй краіне. Яна мне падабаецца. Я люблю і цаню Беларусь, ніколі ёй не здраджу.

– Чаго пажадаеце Дзятлаўшчыне і дзятлаўчанам?

– Роднай старонцы – толькі працвітання і міру. Землякам – радасці, здароўя, і каб яны не страцілі тую нітачку дабрыні, якая ўсіх нас злучае.

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup