Сям’я для кожнага дзіцяці

Грамадства Свежыя навіны

Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, у нашай краіне акружаны асаблівай увагай з боку грамадства, для іх прадугледжаны шматлікія дзяржаўныя льготы і гарантыі. Аднак кожнаму маленькаму чалавеку найперш патрэбна сям’я.

Калі дзіця па незалежных ад яго прычынах застаецца без біялагічных бацькоў, перад дзяржавай стаіць задача знайсці яму замяшчальную сям’ю. Для такіх непаўналетніх у Беларусі актыўна развіваюцца альтэрнатыўныя формы ўладкавання – усынаўленне, апека, прыёмная сям’я.

На Дзятлаўшчыне для развіцця сямейных формаў уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра вядзецца сістэмная работа па папулярызацыі замяшчальных сем’яў і рэалізуюцца мерапрыемствы сацыяльнага праекта “Сям’я для кожнага дзіцяці”. Сумесна з педагогамі ўстановаў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі шырока ладзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа з бацькамі раёна, распаўсюджваюцца брашуры і плакаты з інфармацыяй аб формах уладкавання дзяцей, флаеры аб магчымасці працаваць прыёмнымі бацькамі ў аддзеле адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, шырока анансуюцца мерапрыемствы з удзелам замяшчальных сем’яў, дасягненні прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў.

Праведзена таксама ананімнае анлайн-анкетаванне на тэму “Стаўленне да праблемы сацыяльнага сіроцтва”, якое паказала, што ў раёне ёсць нераўнадушныя людзі, якія хацелі б прыняць у свае сем’і дзяцей-сірот.

Цяпер на Дзятлаўшчыне ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, 5-ці прыёмных і 20-ці апякунскіх сем’ях жывуць 45 непаўналетніх са статусам дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Дарагія землякі, калі вашы сэрцы адкрыты для такіх дзяцей і вы гатовыя падарыць ім сямейнае цяпло, а значыць, і шчаслівае дзяцінства, мы запрашаем вас стаць замяшчальнымі бацькамі.

Па падрабязную інфармацыю можна звяртацца да галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алены Анатольеўны Чайкоўскай па тэлефоне 2-23-17 ці да дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Алы Аркадзьеўны Жэгалік – 2-71-18.

Марына СЕРБІН,
сацыяльны педагог СПЦ горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga