Дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава – лепшы ў вобласці

Важнае Грамадства

21 лютага прайшло пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, на якім былі падведзены вынікі работы сістэмы адукацыі Прынёмання за 2022 год, акрэслены перспектыўныя задачы, уручаны заслужаныя ўзнагароды.

Званнем “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі ў гарадской мясцовасці” і адпаведным дыпломам адзначаны дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава.

У чым заключаецца яго ўнікальнасць, расказала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, якая курыруе пытанні дашкольнай адукацыі ў раёне:

– Дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава – сучасная ўстанова, якая пастаянна развіваецца і ідзе ў нагу з часам. Яе наведваюць 188 выхаванцаў. Тут функцыянуюць 11 груп на пастаяннай аснове і адна кароткачасовая. Сярод іх 9 груп агульнага прызначэння для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту; рознаўзроставая санаторная група для тых, хто часта і доўга хварэе; спецыяльная – для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і група вячэрняга знаходжання. Функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для 40 выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У аснове работы калектыву – эфектыўнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе наватарскіх ідэй і сучасных педагагічных тэхналогій, пастаяннае імкненне да развіцця. З 2016 года дзіцячы сад актыўна рэалізуе рэспубліканскія эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, трансліруе эфектыўны педагагічны вопыт, педагогі і дзеці вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню. Безумоўна, асаблівую каштоўнасць складае кадравы патэнцыял педагагічных работнікаў: 89 % з іх маюць вышэйшую адукацыю, 70 % прысвоены першая і вышэйшая кваліфікацыйныя катэгорыі, трое з’яўляюцца кіраўнікамі раённых метадычных фарміраванняў, усе без выключэння выхавальнікі маюць профільную дашкольную адукацыю. Гэта сапраўдная каманда прафесіяналаў, якая ўпэўнена крочыць да поспехаў.

Загадчыца дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава Святлана Ус расказала, чаму вынікі работы калектыву былі так высока ацэнены ў вобласці:

– Летась мы значна ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы “Дашкольная адукацыя” Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка на 2021-2025 гады”. За сродкі бюджэту было набыта 112 адзінак дзіцячай мэблі, 7 адзінак надворнага гульнявога абсталявання, укладзена 470 квадратных метраў тратуарнай пліткі. Як вынік – ва ўстанове адсутнічалі выпадкі дзіцячага траўматызму. Парадавалі творчыя і навуковыя дасягненні. Дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава стаў пераможцам адкрытага дыстанцыйнага марафону Нацыянальнага інстытута адукацыі “Час вымяраецца памяццю”, скіраванага на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, за ўдзел у якім 28 нашых выхаванцаў ва ўзросце 4-6 гадоў адзначаны дыпломамі пераможцаў, адказнай за падрыхтоўку была намесніца загадчыцы па асноўнай дзейнасці Марына Янушкевіч. У абласным конкурсе “ІТ-майстар” ІІ месца занялі настаўніца-дэфектолаг Святлана Некрашэвіч і выхавальніца Таццяна Зенава. ІІ месца ў абласным этапе VІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” заваявала настаўніца-дэфектолаг Святлана Духоўнік. Дыпломам ІІ ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за абласны этап рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту ў намінацыі “Незвычайнае ў звычайным” за работу “Як лічыць крокамер?” адзначана наша выхаванка Паліна Гранкоўская, такі ж дыплом у яе кіраўніка, выхавальніцы Галіны Хрышчановіч. Спыняцца на дасягнутым не збіраемся, пастараемся высока трымаць планку і поўнасцю адпавядаць званню “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі ў гарадской мясцовасці” нашай вобласці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: