“Я – трэнер”

Важнае Спорт і турызм

Так называецца футбольны аўтарскі праект трэнера-выкладчыка Уладзіміра Ганчара, які стартаваў нядаўна ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава.

Да ўдзелу ў ім далучыліся 8 каманд, назву якіх прыдумалі самі юныя спартсмены, навучэнцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, у гонар вядомых футбольных клубаў (і не толькі!). Гэта “Тарпеда-БелАЗ”, “Рэал Мадрыд”, “Нёман”, “Шахцёр”, “Дынама”, “Лакаматыў”, “Blackstar”, “Дынама-Брэст”.

За кожнай зборнай, у састаў якой увайшлі юнакі 2010-2012 гадоў нараджэння, замацаваны “трэнер” – спартсмен з ліку навучэнцаў спартыўнай школы.

З 30 студзеня праект прадоўжаць футбольныя паядынкі на базе сярэдняй школы № 1, дзе сустрэнуцца “Нёман”, “Дзятлава”, “Мілан”, “Барселона”, “ПСЖ”, “Манчэстэр Юнайтэд”, таксама са школьнікамі-трэнерамі.

Турнір сярод спартсменаў 2008-2014 гадоў нараджэння прайдзе па кругавой сістэме ў два кругі і вызначаць мацнейшых у кожнай узроставай катэгорыі.

У ходзе масавых спаборніцтваў па футболе ўдзельнікі замацуюць навыкі гульні, а таксама трэніровачную дзейнасць.

– Мэта праекта – далучыць юных дзятлаўчан да масавага футбола, выявіць школьнікаў з асаблівымі здольнасцямі да гэтага віду спорту, – расказаў Уладзімір Ганчар. – На працягу турніру мы ацэнім зацікаўленасць дзяцей футболам, навыкі валодання мячом, перспектывы развіцця трэніровачнага працэсу.

– Якія функцыі выконваюць юныя “трэнеры”?

– Кожны з іх кіруе сваёй камандай і гуляе разам з ёй. Аднак у асобным матчы “трэнеру” дазваляецца забіць толькі адзін гол як прыклад для сваіх падапечных.

– Якія яшчэ навінкі футбольнага руху чакаюць дзятлаўчан у бліжэйшы час?

– Да канца лютага прадоўжацца турніры ў рамкай праекта “Я – трэнер”, у сакавіку юных спартсменаў-аматараў чакае фестываль “Адзін пераможца” і конкурс футбольных навыкаў.

Наталля АВЯРЧУК
Фотаздымкі прадстаўлены Уладзімірам Ганчаром

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga