Трагічны снежань. 80 год са дня гібелі Іосіфа Філідовіча

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Снежань 1942 года стаў для Дзятлаўшчыны жудасным месяцам выпрабаванняў на мужнасць, сілу духу, часам масавых акцый па знішчэнні насельніцтва розных нацыянальнасцей: беларусаў, рускіх, яўрэяў, палякаў.

На многія дзесяцігоддзі запомніўся і як час бессмяротнага подзвігу нашага земляка, ліпічанскага Сусаніна – Іосіфа Філідовіча. Сёння мы дзелімся з чытачамі ўспамінамі Івана Калмыкова, начальніка знакамітага партызанскага шпіталя Шчучынскага партызанскага злучэння.

Нарадзіўся ён у 1919 годзе ў вёсцы Сухі Атрог Балакаўскага раёна Саратаўскай вобласці.

У партызанскім руху Беларусі ўдзельнічаў з 17 чэрвеня 1942 года. Быў радавым партызанскага атрада №3649 (“Перамога”), са снежня 1942 года – начальнік шпіталя Шчучынскага партызанскага злучэння, а з лютага 1944-га – камандзір узвода партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі” Ленінскай брыгады Шчучынскага аб’яднання. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

Пасля вайны жыў і працаваў у гарадскім пасёлку Дзятлава.

– Лета 1942 года. У Ліпічанскай пушчы ўжо дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў. Яны ўсё актыўней наносілі ўдары па акупантах. Безумоўна, у час сутычак з праціўнікам былі параненыя і сярод партызан. Іх звычайна пакідалі пад апеку мясцовых жыхароў.

Памятаю, партызаны атрадаў, якімі камандавалі Б.А.Булат, П.І.Булак нанеслі ўдар па варожым гарнізоне ў мястэчку Дзярэчын Зэльвенскага раёна. Шмат фашысцкіх захопнікаў было забіта і паранена. Але ўчас бою атрымалі раненне і некалькі партызан. У той абстаноўцы, якая склалася, іх нельга было пакідаць на хутарах. Там маглі загінуць яны самі, а разам з імі і тыя, хто іх хаваў.

І вось тады востра паўстала пытанне, дзе размяшчаць параненых і хворых. Адбылася нарада камандзіраў. Было прынята рашэнне стварыць аб’яднаны партызанскі шпіталь, падабраць для гэтай мэты бяспечнае, ціхае, зручнае месца дзе-небудзь у глыбіні лесу, пабудаваць там зямлянкі. Пакуль было цёпла, наш шпіталь размяшчаўся ў палатках сярод лесу (у “Бураломе”), каля вёскі Астраво Зэльвенскага раёна.

Я быў паранены яшчэ ў час нашай засады каля гарадскога пасёлка Казлоўшчына і знаходзіўся на лячэнні ў селяніна Караля ў вёсцы Голі Зэльвенскага раёна. Але, калі раны пачалі зажываць, мне, які ўжо мог хадзіць на кастылях, было даручана арганізаваць і ўзначаліць шпіталь. Доктара запрасілі з мястэчка Дзярэчын. Ён прыйшоў у партызаны пасля разгрому нямецкага гарнізона. Разам з ім прыйшла і медыцынская сястра цёця Лена, як звалі яе параненыя.

Першапачаткова ў шпіталі знаходзіліся на лячэнні каля дзесяці партызан. Ішоў час. Барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў актывізавалася. Павялічылася колькасць партызан, больш праводзілася баявых аперацый. У сувязі з гэтым узрасла колькасць параненых. Безумоўна, узнікала шмат розных праблем. Па-першае, патрэбны быў медыцынскі і абслугоўваючы персанал, па-другое, забеспячэнне аховы, па-трэцяе, харчаванне, матэрыялы і медыкаменты.

Згодна з нашым хадайніцтвам камандаванне атрада  №3649 выдзеліла і залічыла ў штаб шпіталя групу партызан. Усе яны атрымалі пэўны ўчастак работы. Але для лячэння параненых патрабаваліся медыкаменты. Ад мясцовага насельніцтва, ад нашых сувязных, якія рызыкавалі жыццём, мы атрымлівалі неабходную дапамогу. Перадыслацыраваўшыся ў Дубароўшчынскі лес, мы размясціліся ў палатках. З наступленнем халадоў трэба было падабраць другое месца. У вырашэнні гэтага пытання дапамог наш сувязны Іван Філідовіч з вёскі Пушча Ліпічанская Дзятлаўскага раёна. Сям’я Філідовічаў пастаянна нам дапамагала, за што старэйшы з сям’і – Іосіф Юр’евіч аддаў жыццё.

У час блакады ў снежні  1942 года фашысты вельмі блізка падышлі да вёскі. Ведаючы пра тое, што карацелі набліжаюцца, я прапанаваў Іосіфу Юр’евічу разам з сям’ёй часова перабрацца да нас. Але ён адмовіўся, заявіўшы, што параненыя партызаны могуць не хвалявацца – ніхто з Філідовічаў не выдасць ворагу месца размяшчэння шпіталя. І не выдалі…

Толькі ў сакавіку 1943 года цела Філідовіча было знойдзена партызанамі, прычым зусім у працілеглым баку ад шпіталя – у балоцістай мясцовасці. Ён ляжаў уніз тварам, у патыліцы знойдзены дзве раны ад кулі.

З дапамогай сына Іосіфа Філідовіча – партызанскага сувязнога Івана Філідовіча – было падабрана месца для нашай пастаяннай стаянкі. Сапраўды, яно аказалася на дзіва зручнае: востраў, плошчай каля аднаго гектара, знаходзіўся пасярод велізарнага непраходнага балота. Як сам востраў, так і балота былі пакрыты густым лесам. Прайсці да яго можна было толькі ў адным месцы па спецыяльных кладках. Чалавек, які не ведаў гэтага праходу і рызыкаваў дабрацца туды, быў асуджаны на гібель.

На востраве закіпела работа. Для аказання дапамогі прыйшла сюды група партызан. Выкарыстоўваючы рэльеф мясцовасці, мы рабілі зямлянкі тыпу пячор, што забяспечвала добрую маскіроўку зверху. Да 12 снежня 1942 года ўсе работы былі ў асноўным завершаны, і для хворых наладзілі ўваходзіны.

У гэтым жа месяцы на базе атрадаў “Перамога”, імя Варашылава і “Барацьба” ўзнікла Ленінская партызанская брыгада. Камандзірам яе стаў Фёдар Сінічкін, начальнікам штаба – Барыс Булат.

Акупанты ў сярэдзіне снежня 1942 года пачалі наступленне на партызан. Гэта была сапраўдная блакада.

Фашысты разлічвалі заціснуць Ленінскую брыгаду ў вусце рэк Шчара і Нёман. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі рэгулярныя вайсковыя часці акупантаў.

На працягу некалькіх дзён партызанскія атрады вялі зацяжныя баі. Калі ж навісла пагроза акружэння, давялося змяніць тактыку. Камандзір брыгады Фёдар Сінічкін загадаў прарывацца па двух кірунках – на паўднёвы ўсход, у бок Налібоцкай пушчы, і на паўднёвы ўсход, у бок лесу, размешчанага паміж Слонімам і Баранавічамі, ва ўрочышчы “Воўчыя норы”. Умела манеўрыруючы, выкарыстоўваючы ледзь прыкметныя сцяжынкі, асноўныя сілы партызан выйшлі з кола акружэння.

У шпіталі знаходзілася некалькі дзясяткаў цяжкапараненых і хворых. У гэтай складанай сітуацыі камбрыг загадаў: параненым і медперсаналу заставацца на месцы, нічым сябе не выдаваць.

Мы прынялі неабходныя меры перасцярогі: замаскіраваліся так, каб не было нават падазрэння, што тут калі-небудзь знаходзіліся партызаны. Кладкі ўбралі і схавалі. Размову вялі шэптам. Ніхто не меў права выйсці за межы шпіталя. Паліць вогнішчы забаранялася. Кожнаму выдалі сухі паёк.

Усе схаваліся ў зямлянках і чакалі. Побач чулі страляніну, нямецкую гаворку. Здавалася, вось-вось прыйдзе бяда. Дні здаваліся гадамі. А блакада працягвалася два тыдні. Потым у Ліпічанскую пушчу пачалі вяртацца нашы атрады…

У самым цэнтры Дзятлава стаіць помнік – сімвал подзвігу Іосіфа Філідовіча. І крочыць ён у вечнасць, каб напомніць новым пакаленням: вайна – самая бесчалавечная з’ява на свеце.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga