Да Дня Незалежнасці, у Год гістарычнай памяці на Дзятлаўшчыне адкрылі турыстычны веламаршрут “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Першымі яго пратэсціравалі прадстаўнікі працоўнай моладзі, калектываў і грамадскіх аб’яднанняў раёна. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі, начальнікі аддзелаў, кіраўнікі сілавых структураў, арганізацый і прадпрыемстваў.
Адпраўным пунктам маршруту стаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе экскурсавод Алена Абрамчык расказала аб партызанскім руху на Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Старшакласнік Данііл Івашэвіч прадставіў аўтарскую прэзентацыю “Я прапраўнук Ліпічанскага Сусаніна”, прысвечаную яго гераічнаму продку Іосіфу Філідовічу. Подзвіг нашага земляка займае цэнтральнае месца ў структуры веласцяжыны.
Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць славутага земляка, усклаўшы кветкі да помніка Іосіфу Філідовічу ў Дзятлаве і адправіліся ў Рудаяварскае лясніцтва, дзе адбылося адкрыццё маршруту № 489.
Гасцей урачыстасці павітаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда:
– Назва маршруту гаворыць сама за сябе: акцэнт у ім зроблены на фактах фашысцкага генацыду і значэнні шпіталя для партызанскага руху раёна. Дзякуючы агульным намаганням, мы змаглі даць старт развіццю ваенна-патрыятычнага турызму на Дзятлаўшчыне. Гэта адзін з першых маршрутаў ваеннай гісторыі, які мы адкрываем сёння. На сваім шляху вы сустрэнеце не маштабныя збудаванні, а толькі інфармацыйныя таблічкі, шчыты, але месцы, якія вы наведаеце сёння, нясуць у сабе неверагодны патэнцыял гераізму і любові да Радзімы, гістарычны пласт нашай Дзятлаўшчыны, не пазнаёміцца з якім проста нельга. Гэту тэму мы плануем прадоўжыць і распрацаваць яшчэ адзін велапешаходны тур “Гераічны шлях Іосіфа Філідовіча”.
Падрыхтоўка праекта вялася больш за год. За гэты час прайшло 15 суботнікаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 250 чалавек. Дзмітрый Казіміравіч падзякаваў структурам і арганізацыям, без якіх сённяшняе адкрыццё было б немагчымым. Гэта Дзятлаўскія лясгас, РЭС, ПМС, аддзел адукацыі райвыканкама, калектыў і вучні сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Ён прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчання памяць краязнаўцы Міхаіла Лук’янчыка, які вельмі шмат зрабіў для рэалізацыі праекта, але пайшоў з жыцця, не паспеўшы ўбачыць яго фінальны “акорд”.
Вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні раённага ваеннага камісарыята, краязнавец з вялікім стажам Валянцін Абухаў расказаў, як доўга і карпатліва вялася пошукавая работа, вынікі якой ляглі ў аснову веламаршруту Памяці.
– Партызанскі шпіталь знакаміты тым, што функцыянаваў у Ліпічанскай пушчы са снежня 1942 да ліпеня 1944 года, перажыў некалькі блакадаў і ніводнай эвакуацыі ні хворых, ні персаналу. Раней яго знайсці не было магчымасці па той прычыне, што тэрыторыя была забалочана. Цяпер, калі інфармацыя сабрана і дарога адкрыта, сучаснікі могуць акунуцца ў гісторыю нашага гераічнага мінулага.
Расследаванне фактаў генацыду беларускага народа яшчэ не закончана, яно адкрывае ўсё новыя і новыя жахлівыя факты фашысцкіх зверстваў. Аб “свежых” звестках у расследаванні справы аб генацыдзе беларускага народа, якую вядзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка:
– У ходзе расследавання ў Дзятлаўскім раёне было апытана больш за 80 вязняў, іх родных, сведкаў тых страшных падзей, праведзена больш за 40 аглядаў месцаў здарэння – спаленых вёсак, месцаў расстрэлу мірнага насельніцтва. Складзены спіс месцаў пахаванняў мірных жыхароў, у якім на сёння 39 аб’ектаў, 18 941 загінулы, 23 часткова або цалкам знішчаныя населеныя пункты. Гэты спіс абнаўляецца. Расследаванне накіравана на выяўленне ўсіх фактаў і абставінаў генацыду нашага народа, што з’яўляецца данінай памяці аб загінулых і захаваннем гістарычнай праўды.
Па словах Алега Валер’евіча, стандартным сцэнарыем, узятым “на ўзбраенне” нацысцкімі злачынцамі, стала знішчэнне вёсак разам з жыхарамі ў межах так званых “уціхамірвальных” акцый. Не абышла гэта доля і наш раён. Так, згодна з аператыўным загадам начальніка СС і паліцыі Беларусі Готберга аб правядзенні аперацыі “Гамбург” з 14 па 18 снежня 1942 года была праведзена карніцкая аперацыя па знішчэнні партызанскіх лагераў, жыхароў вёсак, якія “лаяльна” адносіліся да партызан, знаходзіліся ў лясных масівах Ліпічанскай пушчы. У правядзенні аперацыі ўдзельнічалі літоўскія, украінскія і латвійскія карніцкія батальёны. Па яе выніках, цалкам знішчаны жыхары і дамы ў вёсках Вялікая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Трахімавічы, Пушча Ліпічанская, Гарадкі, часткова Руда Яварская, Гута, Навасёлкі. Веламаршрут пройдзе па месцах, звязаных з аперацыяй “Гамбург”.
Старшыня Парэцкага сельвыканкама нагадаў гісторыю вёсак Дзятлаўшчыны, жыхары якіх былі знішчаны – расстраляны або спалены зажыва. Ён адзначыў, што памятныя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, нашы землякі падтрымліваюць у належным парадку, наведваюць, ушаноўваючы памяць загінулых продкаў.
Даць старт новаму веламаршруту, перарэзаўшы чырвоную стужку, былі запрошаны старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда, пасля чаго першыя велатурысты на новых веласіпедах, прадастаўленых Дзятлаўскім лясгасам (дарэчы, іх можна будзе арандаваць у лясніцтве на час велапаходу), у суправаджэнні ляснічага Рудаяварскага лясніцтва Дзмітрыя Шостака адправіліся ў дарогу. Астатнія ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі маршрут на аўтатранспарце.
Веласіпедны шлях маршруту № 489 працягласцю 14 кіламетраў праходзіць ад Рудаяварскага лясніцтва да партызанскага шпіталя, які быў знойдзены мясцовымі краязнаўцамі праз 75 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. На шляху маршруту знаходзяцца месцы, звязаныя з гісторыяй і культурай нашага краю, найперш – трагічнымі падзеямі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх – пахаванне ахвяраў фашысцкага генацыду сям’і Чайкоўскіх, на месцы гібелі якіх цудоўным чынам вырас сяміствольны клён, быццам у памяць аб усіх забітых; пахаванне знішчанай фашыстамі сям’і Кашкала; касцёл Святога Іосіфа, помнік драўлянага дойлідства, царква Святога Архангела Міхаіла, пабудаваная з дрэва ў форме крыжа, месца размяшчэння фашысцкага гарнізона, двойчы разгромленага партызанамі. Удзельнікі маршруту ў суправаджэнні экскурсавода пазнаёміліся з падрабязнай гісторыяй кожнага памятнага месца, усклалі вянкі да магілаў ахвяраў генацыду.
Заўважу, што для тых турыстаў, хто не будзе карыстацца дапамогай экскурсавода або праважатага, маршрут “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы” будзе не менш цікавым і даступным: гэтаму дапамогуць буклеты, распрацаваныя сектарам спорту і турызму, знакі навігацыі і QR-коды, праз якія можна даведацца падрабязную інфармацыю пра кожны пункт падарожжа.
У канцы турыстычнай сцяжыны гасцей вела- і аўтапрабегаў чакаў пункт прызначэння – сам партызанскі шпіталь, дарогу да якога цаной свайго жыцця не выдаў Іосіф Філідовіч. У ваенны час шпіталь быў востравам сушы сярод непраходнага балота, за час існавання ў ім вылечыліся каля 500 цяжкапараненых. На ўваходзе – манумент з цэльнага бруса з уваходам у форме пяціканцовай зоркі, якая сваімі абрысамі нагадвае ўваход у Брэсцкую крэпасць. Гасцей шпіталя чакала тэатралізаваная пастаноўка, у якой дзятлаўскія школьнікі і іх педагогі змаглі перадаць атмасферу тых часоў, калі шпіталь жыў, функцыянаваў, лячыў і ратаваў жыцці партызан. Тут дзейнічалі не толькі медыцынскае аддзяленне, але і школа, лазня, палявая кухня і нават хлебапякарня. У вольны час насельнікі шпіталя не забывалі аб душэўнай песні пра перамогу над фашыстам і сваю Радзіму.
Веламаршрут пакінуў моцныя ўражанні ва ўсіх яго ўдзельнікаў, трывалае адчуванне таго, што яны дакрануліся да жывой гісторыі роднага краю.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў сектару спорту і турызму і ўсім, чыімі стараннямі быў рэалізаваны праект, а таксама павіншаваў усіх з надыходзячым святам – Днём Незалежнасці.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga