Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны указ № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года “Аб развіцці аграэкатурызму”.
Варта адзначыць, што дадаткам 1 да указа ўдакладнена яго тэрміналогія. Напрыклад, аграэкатурызм – гэта дзейнасць, скіраваная на азнаямленне аграэкатурыстаў з прыродным, сельскагаспадарчым, культурным патэнцыялам рэспублікі, нацыянальнымі традыцыямі ў працэсе адпачынку, аздараўлення і часовага знаходжання на аграэкасядзібах.
Аграэкасядзіба – гэта жылы дом, у тым ліку з гасцявымі домікамі, якія належаць на праве ўласнасці суб’екту аграэкатурызму і гэтак далей.
Новы нарматыўны дакумент уносіць істотныя змяненні, якія ў тым ліку закрануць уладальнікаў ужо дзеючых сядзібаў.
Што зменіцца і на што варта звярнуць асаблівую ўвагу, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:
– Калі параўноўваць два дакументы, то ўказ № 351 зведаў вялікія змяненні, у ім шмат новаўвядзенняў, хаця мэтавыя арыенціры засталіся ранейшымі: гэта стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця аграэкатурызму, паляпшэнне ўмоваў жыцця грамадзян у сельскай мясцовасці і малых гарадах, удасканаленне сельскай інфраструктуры.
Адна з галоўных навацый у тым, што цяпер паведамляльны прынцып зменіцца на дазвольны. Калі раней дастаткова было падаць у раённы выканаўчы камітэт паведамленне аб тым, што грамадзянін жадае займацца аграэкатурызмам, аб чым у пяцідзённы тэрмін інфармавалася падатковая інспекцыя, то цяпер гэта працэдура стане адміністрацыйнай. Ажыццяўляцца яна будзе па заяве пэўнага ўзору ад грамадзяніна, да якой яму неабходна будзе прыкласці таксама згоду ўласніка нерухомасці, якую мяркуецца выкарыстоўваць для вядзення аграэкатурызму.
З 1 студзеня 2023 года, як толькі такая заява будзе паступаць у райвыканкам, у работу пачне ўключацца спецыяльная раённая камісія па вызначэнні адпаведнасці будучага аб’екта аграэкатурыстычных паслуг патрабаванням новага заканадаўства. Калі ўсё адпавядае, рашэнне райвыканкама будзе станоўчым, і з дня яго прыняцця ўласніку сядзібы можна будзе пачынаць аграэкатурыстычную дзейнасць. Дарэчы, усе дзеючыя аграсядзібы, а на Дзятлаўшчыне іх 14, да 1 чэрвеня 2023 года таксама павінны атрымаць дазвол раённага выканаўчага камітэта на прадаўжэнне сваёй дзейнасці. Трэба ўлічваць тое, што, каб застацца аграсядзібай, неабходна ў поўнай меры выконваць патрабаванні новага указа.
Змяніліся і падыходы. Напрыклад, вызначаны абавязковыя ўмовы, якія павінны быць выкананы ўласнікамі аграсядзібаў у сукупнасці, значыць, усе разам. А гэта:
– наяўнасць жылога дома з колькасцю жылых пакояў не больш за 10;
– наяўнасць зямельнага ўчастка;
– ажыццяўленне дзейнасці па вядзенні асабістай дапаможнай гаспадаркі або вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі;
– наяўнасць магчымасцяў для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі адпаведнай мясцовасці.
Пашыраны і спіс аказваемых аграэкатурыстам паслугаў, куды ўключана новая – правядзенне майстар-класаў па рамеснай і гаспадарчай дзейнасці. З’явілася патрабаванне па колькасці такіх паслугаў: іх павінна быць не менш за дзве, прычым з абавязковым уключэннем у гэты пералік адной з паслуг, прадугледжаных у абзацах 2-4 часткі 1 пункта 5.
Сярод прапісаных абмежаванняў цяпер замацавана адказнасць гаспадароў аграэкасядзібаў за грамадскі парадак на сваіх тэрыторыях. Таксама забараняецца праводзіць масавыя шумныя ўрачыстасці непасрэдна блізка ад суседніх участкаў. Аднак ёсць магчымасць дасягнуць кампрамісу з суседзямі, якія могуць даць пісьмовы дазвол на іх правядзенне. Прапісаны і абавязкі ўласнікаў аграэкасядзібаў захоўваць патрабаванні заканадаўства ў галінах санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, пажарнай бяспекі, прыродаахоўнага заканадаўства. Яшчэ варта ўлічыць, што суб’екты аграэкатурызму маюць права мець не больш за 2 аграэкасядзібы, якія размешчаны на розных зямельных участках.
Сярод новаўвядзенняў ёсць такія, што тычацца функцый аблвыканкамаў. Цяпер яны будуць вызначаць пералікі населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх размяшчэнне аграсядзібаў не дапускаецца. Калі ў гэтых населеных пунктах сядзібы ўжо існуюць, то яны прадоўжаць сваю работу, аднак на ўмовах новага ўказа.
Усе гэтыя новаўвядзенні пацягнуць за сабой унясенне змяненняў у адміністрацыйныя працэдуры і нарматыўныя дакументы.
А вось штуршком да развіцця сферы можа паслужыць тое, што пісьмовыя тыпавыя дагаворы на аказанне аграэкатурыстычных паслугаў з пачаткам дзеяння новага ўказа суб’екты аграэкатурызму змогуць заключаць не толькі з аграэкатурыстамі, але і з турыстычнымі аператарамі.
Даведка: падпісваючы ўказ № 351, Прэзідэнт адзначыў, што ён будзе скіраваны на ўдасканаленне дзейнасці ў сферы, павышэнне якасці паслуг, абарону правоў грамадзян, якія жывуць па суседстве, а таксама кожны суб’ект аграэкатурызму павінен будзе зрабіць свой выбар, якія менавіта віды паслуг ён прадоўжыць аказваць – аграэкатурыстычныя ці гасцінічнага або рэстараннага бізнесу.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga