Дзелавы панядзелак. Чаму будуць вучыць і ад чаго лячыць

Важнае Улада

Пра капітальныя рамонты, бясстратную вытворчасць, работу назіральных камісій, плануемыя культурна-масавыя мерапрыемствы, захваральнасць на ВРВІ гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Напачатку сустрэчы Андрэй Уладзіміравіч павіншаваў прысутных з надыходзячым святам – Днём абаронцаў Айчыны – святам мужнасці і патрыятызму, святам кожнага, хто гатовы ў любы момант стаць на абарону дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, святам прафесійных ваенных і ўсіх, хто разумее каштоўнасць міру.

Жыццёзберагальны прыбор

На Дзятлаўшчыне на пастаяннай аснове прымяняюцца меры па забеспячэнні бяспечных умоваў пражывання грамадзян. На асаблівым кантролі – сацыяльна ўразлівыя катэгорыі. Ратаўнікі, сацыяльная і іншыя службы, мясцовыя органы ўлады праводзяць абследаванні домаўладанняў грамадзян з мэтай вывучэння ўмоваў бяспечнага пражывання, падчас якіх ацэньваюць спраўнасць электраправодкі, пячнога ацяплення, санітарны стан жылля. Там, дзе неабходна, дапамагаюць ліквідаваць выяўленыя недахопы, а таксама ўстанаўліваюць пэўным катэгорыям грамадзян аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі з вывадам сігналу на знешнюю сігнальна-гукавую прыладу.

Устаноўкай такіх АПА ратаўнікі займаюцца другі год запар. Сёлета, як удакладніў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, плануецца ўсталяваць 30 такіх апавяшчальнікаў жыхарам раёна.

На нарадзе старшынёй райвыканкама даручана супрацоўнікам службы вызначыцца з першачарговасцю і ўжо пачынаць работы па ўстаноўцы прыбораў, бюджэтныя крыніцы фінансавання гэтых відаў работ вызначаны.

Тэхагляд паставіць кропку

Сельская гаспадарка жыве ў чаканні вясны і першых палявых работ. Да гэтага адказнага моманту актыўна рыхтуюць тэхніку. Рамонт працягваецца ва ўсіх сельгасвытворчых прадпрыемствах раёна, спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама КСУПы “Войневічы” і “Жукоўшчына” названы лепшымі ў гэтай дзейнасці, нягледзячы на тое, што ў “Жукоўшчыне” больш за ўсё першапачаткова было праблем.

Тэхнічны агляд паставіць кропку ў асноўных зімовых работах механізатараў прадпрыемстваў. Дарэчы, па падрыхтоўцы да праходжання тэхагляду лепш за ўсіх на першым этапе была гатова тэхніка ААТ “Граніт-Агра”.

На бягучым тыдні на кантролі кіраўніцтва гаспадарак – выплата заработнай платы работнікам, аплата за спажыванне цяпла і энергарэсурсаў.

Асцярожна, пнеўманія!

Па інфармацыі галоўнага доктара Дзятлаўскага райЦГЭ Алены Шайбак зараз у нашым раёне фіксуецца рост колькасці захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і пнеўманіі. Захварэўшых на каранавірус на мінулым тыдні было толькі два чалавекі, а яшчэ два тыдні таму іх увогуле не было. А вось прастудныя захворванні маюць тэндэнцыю да “пашырэння арэалу”. Дарэчы, большасць хворых – дарослыя. Пнеўманіяй таксама хварэе ў асноўным дарослае насельніцтва – 15 з 16 хворых.

Як адзначыла Алена Вячаславаўна, па статыстыцы, амаль усе хворыя на пнеўманію – гэта вынік самалячэння.

Іншыя тэмы коратка

Ратаўнікі праводзяць сустрэчы з жыхарамі інтэрнатаў па растлумачэнні ўмоваў бяспекі жыццядзейнасці з разборам найбольш частых прычын спрацоўвання пажарнай сігналізацыі.

****

300 домаўладанняў грамадзян абследавалі на мінулым тыдні супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Два жыхары раёна былі адпраўлены ў лячэбна-працоўны прафілакторый, тры прайшлі медыцынскую камісію для будучага накіравання ў ЛПП.

****

З 23 па 25 лютага на базе гімназіі № 1 горада Дзятлава адкрытыя ўрокі і майстар-класы правядуць члены клуба “Крыштальны журавель” – лаўрэаты і пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Дзейнасць клуба накіравана на павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка, садзейнічанне прафесійным стасункам, распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту.

****

23 лютага ў 15.00 у Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве пройдзе святочны канцэрт да Дня абаронцаў Айчыны “Мы ганарымся вамі, нашы абаронцы!”.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga