Іван Рэмез: “Тут нарадзіўся, тут і жыву”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Падарожнічаць па Дзятлаўшчыне і знаёміць нас з цікавымі людзьмі раёна прадаўжае праект сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці “Глыбінкай жыве Беларусь”.

На гэты раз дарога Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Марыны Варган ляжала ў вёску Пруд, дзе яны сустрэліся з паважаным у гэтым населеным пункце чалавекам – старастам вёскі Іванам Рэмезам.

У родных мясцінах Івану Юльянавічу вядомы кожны дом, кожная сцяжынка, радасці і турботы землякоў і суседзяў, ды і не дзіўна, як зазначае сам Іван Рэмез: “Тут нарадзіўся, тут і жыву”.

З далёкага 1950 года лёс цесна звязаў яго з гэтай зямлёй. У свой час ён скончыў 8 класаў былой Малашастакоўскай школы, затым Слонімскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. У 1968 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію, трапіў зноў жа ў родную Беларусь. Служыў старанна, ды і служба давалася лёгка загартаванаму паўсядзённай працай вясковаму юнаку, што і пацвярджае ўручаны яфрэйтару Івану Рэмезу за выдатныя паказчыкі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, узорную дысцыпліну і бездакорную службу юбілейны медаль “За воінскую доблесць” у азнаменаванне 100-годдзя нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна.

Вярнуўшыся на малую радзіму, ён пайшоў працаваць вадзіцелем, але спыняцца на дасягнутым не збіраўся і паступіў у Жыровіцкі тэхнікум (цяпер – дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж), дзе перакваліфікаваўся ў механікі, адказваў і за тэхнічную бяспеку ў гаспадарцы, часта ездзіў у рабочыя камандзіроўкі.

Праз пэўны час Івану Юльянавічу прапанавалі стаць загадчыкам мехмайстэрняў “Пруд” сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Войневічы”, дзе ён і адпрацаваў шмат гадоў, 5 з якіх ужо на пенсіі. У скарбонцы асабістых узнагародаў Івана Рэмеза нямала працоўных, якія атрымліваў ад Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і высокія вытворчыя паказчыкі.

Сваё сямейнае шчасце Іван Юльянавіч таксама не шукаў далёка: з будучай жонкай пазнаёміўся на вяселлі і вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў яны ідуць праз жыццёвыя радасці і цяжкасці разам, выгадавалі дзвюх цудоўных дачок. Абедзве цяпер жывуць у Слоніме, старэйшая Вераніка працуе доктарам, малодшая Наталля – эканаміст, ёсць і двое ўнукаў.

За любоў да працы і нераўнадушную жыццёвую пазіцыю землякі выбралі Івана Рэмеза вясковым старастам. Давер прудчан Іван Юльянавіч апраўдаў, ён стараецца не заставацца раўнадушным да бытавых і жыццёвых пытанняў людзей. Калі трэба, заўсёды адгукаецца: каму тэлефон парамантаваць, каму паправіць тэлевізар або нават памераць артэрыяльны ціск. Сярод мясцовых вяскоўцаў нямала людзей шаноўнага ўзросту, для якіх проста неабходныя падтрымка і добрае слова.

Любоў да працы, простая жыццёвая філасофія, памяркоўнасць і гаспадарскі падыход да любой справы – вось галоўныя якасці, характэрныя для пакалення Івана Рэмеза. Без такіх людзей на вёсцы не абысціся, без іх вёска асірацее.

Таму на развітанне старасту Івану Юльянавічу спецыялісты сектара пажадалі моцнага здароўя на доўгія гады, бадзёрасці духу, плёну ў добрых справах на карысць роднага куточка і каб яго падтрымка дапамагала землякам радавацца жыццю ў вёсцы з прыгожай назвай Пруд.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: