Чым пахне чыстая крынічка?

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне нямала мясцін, якія прывабліваюць падарожнікаў.

Жукоўшчынская крынічка, якая дае пачатак мясцовым азёрам, таксама любімы прыпынак. Тут пад шатамі дрэваў цячэ халодная, крыштальна чыстая вада, якая авеяна легендамі і мае сакральны статус гаючай, лекавай. За ёй прыходзяць не толькі мясцовыя жыхары. Хтосьці шукае тут прахалоду ў спякоту, хтосьці прыязджае сюды прасіць здароўя, спаўнення жаданняў, а хтосьці, на жаль, проста выкінуць смецце.

У 2008 годзе месца было акультурана: дзе крыніца б’е з-пад зямлі, усталявалі бетоннае кальцо з трубою ў якасці водапрыёмнай камеры, а зверху – драўляны зруб, прылеглую тэрыторыю і берагі ўмацавалі каменем і пліткай, што надае ландшафту прыгожае аблічча. Для ўсіх жадаючых пабываць каля крыніцы пракладзена асфальтавая дарожка, усталяваны лаўкі, маюцца прыступкі, каб бяспечна падысці да вады, заасфальтавана пляцоўка для стаянкі аўтамабіляў. На гэтай пляцоўцы з мэтай падтрымання парадку жыллёва-камунальная гаспадарка прадугледзела ёмістыя кантэйнеры для смецця.

Аднак, знаходзяцца тыя, каму ляніва нават пластыкавую бутэльку з-пад вады кінуць у кантэйнеры – прама вакол іх звалены ў “бульбяных” мяхах і “россыпам” бытавыя адходы: гарбузныя коркі, пакеты ад чыпсаў і марожанага, вышэйазначаны пластык у незлічымай колькасці і нават даўно нямодная жаночая сумачка.

Як спусцішся да вады, ад асаблівай атмасферы цудоўнага месца, журчання крынічкі душа спявае. Як выйдзеш наверх на стаянку, удыхнеш пах смуроду, паглядзіш на смеццевы “бардак” на фоне прыгожага жытняга поля – брыдка становіцца за сваіх людзей і родныя мясціны.

Камунальнікі прыбяруць, служба аховы прыроды знойдзе некаторых вінаватых, але дзе ўласнае сумленне? Няўжо вучыць нас прыбіраць за сабой, быць акуратнымі, што з малаком і навукай маці ўпітваем з дзяцінства, павінны штрафы, нейкія пакаранні і людское асуджэнне?    Экасістэма такіх куткоў прыроды настолькі далікатная, што мае патрэбу ў абароне і асцярожным стаўленні.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga