На Дзятлаўшчыне стартаваў раённы фестываль музеяў установаў адукацыі “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што захоўваць!”, прысвечаны Году гістарычнай памяці.
Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яно сабрала на адной пляцоўцы 39 прадстаўнікоў 11 установаў адукацыі, якія прэзентавалі мабільныя выставы 13 школьных музеяў і “Знаходкі года”.
– Стала добрай традыцыяй раз у два гады праводзіць такія мерапрыемствы, і яны ўнікальныя, бо ў кожнага школьнага музея ёсць станоўчы вопыт, якім можна дзяліцца, – зазначыла, адкрываючы фестываль, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч. – Сёлета варта назваць тых, хто ўпэўнена “вырас” у развіцці музейнай справы – сярэднія школы №1 і № 3, гімназію № 1 горада Дзятлава, Казлоўшчынскую, Гезгалаўскую, Дварэцкую сярэднія школы. Асобныя словы падзякі – на адрас Тамары Крывеня, кіраўніка народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы, які вядомы ва ўсім свеце, не толькі ў Беларусі, дзякуючы таму, што Тамара Уладзіміраўна ўжо больш за тры дзесяцігоддзі не працуе, а жыве краязнаўствам. На абласной калегіі ўпраўлення адукацыі па выніках работы ў 2021 годзе быў прэзентаваны менавіта вопыт гэтага музея. Дзякуючы кіраўніку двух школьных музеяў Сяргею Каско, дынамічна развіваецца музей Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, рыхтуецца дакументацыя на прысваенне яму звання “народны”, ідзе рэканструкцыя музея Дварэцкай сярэдняй школы, дзе з’явілася новая этнаграфічная экспазіцыя. З ініцыятывы Сяргея Віктаравіча хутка адкрыецца і музей спорту раённага значэння, а восенню да 160-годдзя вузкакалейкі Наваельня – Навагрудак аматараў даўніны чакае яшчэ адзін сюрпрыз.
У нашым раёне рэалізоўваецца шмат музейных праектаў, скіраваных на грамадзянска-патрыятычнае, духоўна-маральнае выхаванне дзяцей, якія дазваляюць ісці ў нагу з часам і дабівацца высокіх вынікаў. Працуюць экспедыцыйныя атрады, з дасягненнямі якіх пазнаёмімся ў час конкурсу “Знаходка года”. А вось сродкам ад “музейнай стомленасці” з’яўляецца інтэрактыў, бо дазваляе зацікавіць і прывабіць у музеі шырокую аўдыторыю, у чым вы таксама ўпэўніцеся ў час фестывалю. Радуе, што асноўныя фонды школьных музеяў лічбуюцца, папулярызуюцца ў Інтэрнэт-прасторы, без чаго ў стагоддзе высокіх тэхналогій не абысціся. Усе школьныя музеі Дзятлаўшчыны з’яўляюцца ўдзельнікамі блог-праекта “Музей у чамадане”, які дапаможа назапасіць даследчы матэрыял для краязнаўчых конкурсаў абласнога і рэспубліканскага значэння. Вынікі праекта будуць падведзены ў снежні, а лета – час для новых уражанняў і запісаў у “дзённікі падарожніка”.
Удзельнікам раённага музейнага фестывалю Алена Гарановіч пажадала поспехаў, крэатыўных ідэй і абавязкова пакінуць свой добры след у вывучэнні роднага краю.
На суд журы юныя экскурсаводы школьных музеяў вынеслі свае мабільныя выставы, абарона якіх адбылася ў першы дзень мерапрыемства, і прадставілі “Знаходкі года”.
Навучэнцы з Гезгалаў расказалі гісторыю ваеннага гарадка і вядомых землякоў, навучылі жадаючых складваць салдацкія лісты-трохкутнічкі. У якасці знаходкі-2022 яны “рэкламавалі” барабанны стацыянарны савецкі тэлефонны апарат, а чаму б і не: для сучасных дзяцей гэта малавядомая рэч з мінулага.
Новаяльнянцы запрасілі ў віртуальнае відэападарожжа ў мінулае, з дапамогай якога расказалі гісторыю “Дзяцей ліхалецця”, іх цікавай знаходкай сталі шаркуны-шаластуны, калі хто не ведае, гэта не проста бразготкі для конскай збруі і “гармонік ямшчыка”, але і старадаўні абярэг продкаў.
Навучэнцы гімназіі № 1 прадставілі гісторыю і культуру народаў Дзятлаўшчыны, у тым ліку сямейныя ўспаміны некаторых гімназістаў, халакост, жыццё рэлігійных канфесій і яўрэяў мястэчка. У якасці знаходкі года выбралі салдацкую лыжку, рэч, здавалася б, простую, аднак у многіх выпадках праз гравіроўку на ёй удаецца ўстанавіць нават асобу гаспадара.
Звярнуцца да сваіх вытокаў і герояў заклікалі навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, расказваючы пра Геря Савецкага Саюза Яна Фогеля і вядомых землякоў. Яшчэ больш акунуцца ў мінулае дапамагла іх знаходка-2022 – газета “Калгасная праўда” за 12 верасня 1958 года, што выдавалася ў Мінску.
Пакруціць “кола часу” і аддаць даніну “памяці” прапанавалі вензавецкія школьнікі. Разам з імі гледачы ўзгадалі абрады продкаў і нават сплялі купалаўскія вяночкі.
У экспазіцыі Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы “Родны край, час, падзеі, людзі” прысутных прывабілі баявыя і працоўныя ўзнагароды землякоў, а юныя экскурсаводы расказалі, для чаго быў патрэбен калаўрот, які яны выбралі ў якасці знаходкі года.
Не менш цікавы экспанат – дзедавы выхадныя валёнкі – прадставілі хвінявіцкія школьнікі, а таксама заклікалі ў свой Музей працоўнай і баявой славы, дзе беражліва захоўваюць старонкі біяграфій землякоў.
Падарожжа па Дзятлаўшчыне літаратурнай арганізавалі навучэнцы з Жукоўшчыны, якія пазнаёмілі з творчасцю мясцовых паэтаў і пісьменнікаў, даволі здзівіла іх знаходка – “Палажэнне аб вучэбных установах і воінскай павіннасці ў Рэчы Паспалітай”, што было знойдзена за каталіцкім абразом 1936 года.
Карта-артэфакт часоў Вялікай Айчыннай вайны трапіла ў рукі юных краязнаўцаў з Дварца, а даведацца ваенную гісторыю вёскі школьнікі запрашаюць у музей.
Кніга БССР з адбіткам пячаткі сельскагаспадарчай арцелі імя Карла Маркса Данілавіцкага сельсавета цяпер захоўваецца ў школьным музеі ў Круцілавічах, таксама там можна азнаёміцца з жыццём і працоўнымі дасягненнямі работнікаў гаспадаркі.
Адразу 3 музеі – “Шляхамі продкаў”, “Скарбонка продкаў нашых”, “Лес – наша багацце” – працуюць у Казлоўшчынскай сярэдняй школе, дзе кожны знойдзе для сябе нешта адметнае: ад народных промыслаў да франтавых дакументаў і прыродных цікавінак. Сярод знаходак года юных краязнаўцаў – звон Перамогі 1947 года, васьміканечны латунны праваслаўны крыж ад сям’і з вёскі Пруд і бярозавы лячэбны грыб чага.
Заўтра ўдзельнікаў фестывалю чакаюць раённыя конкурсы на лепшага экскурсавода і “Топ-10 турыстычных аб’ектаў Дзятлаўшчыны ў фармаце 3D”, а 30 чэрвеня – майстар-клас па прафарыентацыі ў галіне музеязнаўства, на які запрашае Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, а таксама падвядзенне вынікаў фестывалю.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga