Піянерыя. Толькі наперад!

Галоўнае Грамадства

25 мая Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаў пляцоўкай для сустрэчы самых актыўных і мэтанакіраваных прадстаўнікоў падрастаючага пакалення – лідараў і актывістаў 13 піянерскіх дружын раёна, пераможцаў раённых і абласных піянерскіх фестываляў і конкурсаў, членаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, да якіх далучыліся педагогі, ветэраны моладзевага руху, госці.

Іх аб’яднала раённае піянерскае свята “Піянерыя. Толькі наперад!”, якое ўрачыста закрыла тэматычную шасцідзёнку “Віват, Піянерыя!”, прымеркаваную да 100-годдзя Усесаюзнай піянерскай арганізацыі.

Па добрай традыцыі піянерскае свята пачалося пад барабанны бой з выступлення ансамбля барабаншчыц гімназіі № 1 горада Дзятлава, выканання Дзяржаўнага гімна і ўрачыстага вынасу Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

– Менавіта Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, якая сёння налічвае больш за 600 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў, стала пераемніцай таго піянерскага руху, які зарадзіўся 100 гадоў таму, – павітала ўдзельнікаў урачыстасці начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. – Нас заўсёды аб’ядноўвала адзіная мэта – выхаванне падрастаючага пакалення і добрыя справы на карысць роднай краіны, Рэспублікі Беларусь. У рамках тэматычнай шасцідзёнкі зроблена нямала, і ўсё гэта – складальнікі грамадзянска-патрыятычнага сталення маладога пакалення, якое ўключае і іншыя кірункі – здаровы лад жыцця, ахову навакольнага асяроддзя, дабрачыннасць, валанцёрства – тое, што вы, паважаныя ветэраны піянерскага руху, рабілі тады і што мы робім цяпер. Дзякую вам за актыўную жыццёвую пазіцыю, жадаю моцнага здароўя на многія гады, каб сучасныя дзеці захавалі ўсё добрае, што вы заклалі ў свой час і яшчэ неаднаразова скарысталіся вашымі цікавымі ідэямі для новых спраў.

Старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі таксама ўзгадаў свае піянерскія гады, пажадаў ветэранам моладзевага руху заўсёды адчуваць клопат паслядоўнікаў, падзякаваў за нераўнадушны прыклад, як трэба жыць, вучыцца, паводзіць сябе ў складаных жыццёвых сітуацыях. Сучасным піянерам ён параіў па-ранейшаму заставацца першымі ў працоўных і валанцёрскіх справах, быць дастойнымі прадаўжальнікамі лепшых ідэй папярэдніх пакаленняў, кіраўніцтву піянерскай арганізацыі – і надалей ісці правільным курсам, скіроўваючы энергію на дабро.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Бараноўскі ўручыў пасведчанні дэпутатам моладзевага парламента VI склікання пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў.

Экскурс у гісторыю савецкай піянерскай арганізацыі зрабіла для ўдзельнікаў свята ветэран моладзевага руху Яўгенія Савань:

– Мне павязалі піянерскі гальштук у далёкім 1947 годе, гэта быў няпросты пасляваенны час. Вы, цяперашнія піянеры, робіце амаль тое ж самае, што і вашы папярэднікі 100 гадоў таму. Прадаўжайце свае добрыя справы і надалей, будзьце заўсёды першымі, бо вы – будучыня Беларусі, умацоўвайце яе, каб на нашай Радзіме панавалі мір і росквіт.

Нотку добрага настрою ўдзельнікам раённага форуму падарыла каманда акцябрат Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы, пераможцаў раённага і ўдзельнікаў абласнога этапу ІІ рэспубліканскага патрыятычнага фестывалю-конкурсу “Агеньчык запрашае сяброў” у намінацыі “Танцуй з БРПА”.

Старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка запрасіла прысутных у займальны пекідж-тур “Лідар-Party “БРСМ і моладзь у аб’ектыве!”. У рамках яго свае творчыя справаздачы трымалі піянеры і члены моладзевага парламента, якія дастойна прадставілі малую радзіму на раённых і абласных конкурсах. Гэта былі дыпламант ІІ ступені раённага этапу VII рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2022” у намінацыі “Піянер года” Станіслаў Якаўчык з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава; раённая пераможца і дыпламант ІІІ супені абласнога этапу гэтага конкурсу Дар’я Лявошка з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава; дыпламантка ІІ ступені раённага этапу конкурсу ў намінацыі “Лідар года” гімназістка Златаслава Лагуцік; пераможца раённага, дыпламантка ІІ ступені абласнога этапу конкурсу “Лідар года-2022” у намінацыі “Лідар” Анастасія Жамайтук з Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Прыемным момантам свята стала ўзнагароджанне лепшых піянерскіх дружын па выніках раённага праекта 2021-2022 навучальнага года “Марафон патрыятычных спраў”.

Марафон дабра прадоўжыла ўшанаванне ветэранаў моладзевага руху раёна да 100-годдзя Усесаюзнай піянерскай арганізацыі, таксама кветкі і памятныя значкі ГА “БРПА” з нагоды ўрачыстай даты атрымалі госці форуму.

Заключная фотасесія з сімвалічнай назвай “Віват, Піянерыя!” і паветранымі шарыкамі колераў Дзяржаўнага сцяга была заклікана пакінуць памяць аб яркай юбілейнай падзеі ў жыцці раённай піянерскай арганізацыі на доўгія гады.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: