Няхай растуць дрэўцы, прыгажэе пасёлак

Важнае Грамадства

У рамках Тыдня маці 15 кастрычніка на вуліцы Савецкай гарадскога пасёлка Казлоўшчына з’явілася алея маладзенькіх ліпак і рабінаў, пасаджаных клапатлівымі рукамі.

Так актывісты раённых грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Беларуская федэрацыя прафсаюзаў” уключыліся ў рэспубліканскі месячнік па восеньскай пасадцы дрэў, скіраваны на азеляненне паселішчаў і навядзенне парадку на зямлі.

Пераважную большасць удзельнікаў акцыі складалі прадстаўнікі пярвічак грамадскіх аб’яднанняў Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Да іх далучыліся намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Таццяна Нікіпорчык і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Чырвоныя гронкі, зялёнае лісце, белая квецень – усе колеры беларускага сцяга ўвабрала ў сябе рабінавае дрэўца. Ліпа ж у славян заўсёды асацыіравалася з жаноцкасцю, а лісточкі гэтага дрэва нагадваюць маленькія сэрцы. Сімвалічна, што 20 саджанцаў менавіта гэтых парод, якія прадаставіў Дзятлаўскі лясгас, былі высаджаны актывісткамі ў Казлоўшчыне. Удзелам у экалагічнай акцыі яны чарговы раз пацвердзілі: “Мы – за Беларусь!».

Намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Казлоўшчынскай сярэдняй школы Галіна Хілімончык расказала:

– Да добрай справы сёння далучыліся не толькі дарослыя, але і навучэнцы – гэта пяць валанцёраў школьнага атрада ГА БРСМ “Рабі дабро”. Акцыя ў рамках Тыдня маці праходзіць пад дэвізам: “За матуляў, за мір, за прыроду, за любімую Беларусь”. Смвалічна, што і новая алея будзе насіць назву “За Беларусь!”. Раней тут быў пасялковы клуб, цяпер яго няма. Не хацелася, каб гэта месца пуставала. Побач знаходзяцца сельвыканкам, царква, мікрараён шматпавярховак, таму вырашылі добраўпарадкаваць гэту тэрыторыю. Жыхары Казлоўшчыны хочуць, каб тут было прыгожа, каб можна было пагуляць, адпачыць з дзеткамі. Спадзяёмся, што добраўпарадкаванне прадоўжыцца, бо наш пасёлак увайшоў у Праграму развіцця – няхай ён прыгажэе, зелянее, развіваецца. Адметна, што ў Тыдзень маці нам дапамагаюць нашы дзеці – будучыя выпускнікі школы. Яны сёння з задавальненнем саджаюць дрэўцы, каб пакінуць пра сябе памяць на малой радзіме. Увесну азеляненне хочам прадоўжыць.

– Маладыя дрэўцы – гэта сімвал жыцця і прыгажосць, – далучылася да размовы Кацярына Хілімончык. – Маладое пакаленне, як ніхто іншы, павінна зараджаць новае жыццё. Сімвалічна, што пасадка алеі прымеркавана да Тыдня маці – чалавека, які прывёў нас у гэты свет. Дзякуючы нашым матулям, мы жывём, радуемся, працуем. Моладзь – гэта гонар краіны, сваім прыкладам мы павінны паказваць, што нашай Радзіме ёсць на каго спадзявацца.

– Матуля – анёл-ахоўнік, які згуртоўвае і аб’ядноўвае сваіх дзяцей, – паразважала наконт значэння акцыі Таццяна Нікіпорчык. – Мы, грамадзяне Беларусі – адзін аднаму не чужыя людзі. І ўдзелам у пасадцы алеі актывісты раённых аб’яднанняў чарговы раз даказалі, што мы – за Беларусь. Сумесная справа аб’ядноўвае людзей. Чалавек абавязкова павінен працаваць, прыносіць карысць, каб навучыцца цаніць вынікі і сваёй, і чужой работы. Думаю, хто саджае дрэўцы, добраўпарадкуе родны куток, той не пойдзе бурыць, ламаць і псаваць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup