У Дзятлаўскай раённай пракуратуры прайшла прафарыентацыйная сустрэча з навучэнцамі 9-11 класаў школ горада, некаторыя з якіх з’яўляюцца дэпутатамі моладзевага парламента пятага і шостага скліканняў пры раённым Савеце дэпутатаў.
Пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, яго намеснік Віталь Юрго і памочнік Ірына Забеліна расказалі старшакласнікам аб сваім прафесійным выбары, чаму вырашылі атрымаць менавіта юрыдычную адукацыю і займацца прававой работай.
Падрабязна спыніліся на маральных і псіхалагічных якасцях, якія павінны мець работнікі органаў і ўстановаў пракуратуры. Пералічылі розныя пасады, дзе могуць пачынаць свой працоўны шлях юрысты-выпускнікі пасля стажыроўкі і адпаведнай атэстацыі.
Акцэнтавалі ўвагу на тым, што ў дадзенай прафесіі маладыя людзі будуць абараняць правы і свабоды грамадзян Беларусі, сачыць за выкананнем заканадаўства, служыць закону і забяспечваць правапарадак у сваёй краіне.
Таксама закранулі тэму генацыду, адзначылі, што ў 2021 годзе адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце пракуратуры было расследаванне крымінальнай справы па факце масавага знішчэння мірных грамадзян на Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Школьнікі былі актыўнымі слухачамі і задавалі шмат пытанняў. Навучэнцы цікавіліся, чым яшчэ займаецца пракурор, акрамя абвінавачвання грамадзян за супрацьпраўныя дзеянні ў судзе, якія злачынствы часцей за ўсё здзяйсняюцца ў нашым раёне, прасілі расказаць аб самых запамінальных расследаваннях са службовай практыкі.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga