Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 2. Нарматыўным актам зацверджана новая рэдакцыя Правілаў прыёму навучэнцаў для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі.
Сваімі думкамі наконт новаўвядзенняў падзялілася начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская:
– Сёлета выніковая атэстацыя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і прыёмная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі будуць праведзены ў абсалютна новым фармаце.
Змена падыходаў да выніковай атэстацыі паспрыяла змяншэнню нагрузкі на навучэнцаў, сумяшчэнню выпускной і ўступнай кампаній, матываванаму выбару прафесіі.
Цяпер адзінаццацікласнікі будуць здаваць два іспыты ў форме адзінага цэнтралізаванага экзамена. Прешы – абавязковая руская ці беларуская мова (дзеці выбіраюць самі), другі – з пераліку прадметаў, якія здаюцца на цэнтралізаваным тэсціраванні, каб паступіць у ВНУ на выбраную спецыяльнасць.
Залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе праходзіць па выніках двух названых цэнтралізаваных экзаменаў (па мове і на выбар), аднаго ЦТ і сярэдняга бала атэстата. У абітурыента будзе 5 дзён, каб зарыентавацца: такая магчымасць выдасца ў рамках тэрмінаў падачы дакументаў на бюджэт у ліпені-жніўні. Таму, перш чым выбраць прадметы для здачы, трэба дакладна вызначыцца, з якой сферай плануеш звязаць сваё жыццё. Падобны падыход вымушае абітурыента зрабіць усвядомлены выбар у першую чаргу будучай спецыяльнасці (групы спецыяльнасцяў), а не набіраць сертыфікаты, якія па сваіх балах “падыходзяць” для паступлення. Гэта сур’ёзны фактар, што павышае якасць адбору будучых студэнтаў.
Разам з тым пералік дакументаў для паступлення ў ВНУ дапоўнены абавязковай характарыстыкай са школы, дзе будуць адлюстраваны ўдзел выпускніка ў мерапрыемствах патрыятычнай скіраванасці і працоўных, яго членства ў грамадскіх аб’яднаннях. Падобная характарыстыка на кожнага выпускніка будзе разглядацца калегіяльна на педагагічным савеце, зацвярджацца кіраўніком установы адукацыі і падавацца ў прыёмную камісію разам з іншымі яго дакументамі.
Пэўныя “бонусы” будуць у тых, хто паступае па мэтавым накіраванні. Для іх у ВНУ прадугледжаны асобны конкурс і першачарговы парадак залічэння. “Мэтавікі” здаюць два цэнтралізаваныя экзамены і адзін вусны ўнутраны экзамен ВНУ па першым профільным прадмеце. У састаў прыёмнай камісіі па вусным прадмеце ўвойдуць і школьныя настаўнікі. Пытанні вусных іспытаў ёсць на Нацыянальным адукацыйным партале. Па кожным прадмеце там размешчана вучэбная праграма, дзе маецца раздзел, прысвечаны таму, што павінен ведаць выпускнік. Гэта і будуць пытанні для вуснага экзамена.
У абітурыентаў, якія прыйдуць на вусныя экзамены, будзе магчымасць выцягнуць білет, сесці і падрыхтавацца. Для запісаў і паметак будуць выдавацца праштампаваныя лісты. Свой адказ можна запісаць не толькі ў форме тэзісаў, але і цалкам. Калі ўзнікнуць пытанні па ацэнцы адказаў, у кожнага ёсць суткі на падачу апеляцыі.
Упэўнена, што новыя падыходы да прыёмнай кампаніі ствараюць лепшыя ўмовы для паступлення падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga