Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Каму павінна быць сорамна: дзецям ці бацькам?

Важнае Здарэнні і бяспека

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 4 пытанні: хадайніцтва аднаго з каледжаў горада Гродна аб магчымасці адлічэння з вучобы непаўналетняга жыхара нашага раёна, а таксама адміністрацыйныя пратаколы на законных прадстаўнікоў непаўналетніх дзятлаўчан, якіх праваахоўнікі затрымалі ў позні час у грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Памылка ў выбары прафесіі ці поглядах на жыццё?

У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама звярнулася адміністрацыя аднаго з каледжаў горада Гродна з просьбай разгледзець паводзіны непаўналетняга жыхара нашага раёна, які “назапасіў” значную колькасць пропускаў без уважлівых прычын. Неабходна было вырашыць пытанне аб адлічэнні хлопца ці прадаўжэнні ім вучобы з больш сур’ёзным стаўленнем да навучальнага працэсу.

На пасяджэнне камісіі наш юны зямляк прыйшоў з маці. Як расказалі жанчына і сын, заяву аб адлічэнні з навучальнай установы яны напісалі яшчэ ў снежні мінулага года, аднак канчаткова не вырашылі, ці забраць дакументы. Сам хлопец сцвярджае, што не супраць завяршыць гэты навучальны год у каледжы, тым больш што крытычнага адставання па пройдзеных тэмах у яго няма. На пытанне, навошта збіраўся кінуць каледж, ён адказвае, што не спадабалася выбраная спецыялізацыя. Хаця, калі памеркаваць, пасля поўнага заканчэння курса вучобы наш зямляк атрымаў бы адразу некалькі прэстыжных і запатрабаваных будаўнічых спецыяльнасцяў.

Пасля размовы з членамі камісіі было прынята канчатковае рашэнне: хлопец прадоўжыць вучобу, як мінімум, да канца гэтага курса, тым больш што ў каледжы з ім праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа за ўчыненае раней правапарушэнне. Безумоўна, цяпер навучэнцу давядзецца больш сур’ёзна прытрымлівацца дысцыпліны, а таксама пастарацца засвоіць прапушчаны матэрыял.

Адзначылі па-даросламу

Познім вечарам пасля 23 гадзін увагу праваахоўнікаў прыцягнула кампанія падлеткаў (гэта былі хлопец і дзве дзяўчыны), якая знаходзілася на вуліцы аднаго з гарадскіх пасёлкаў раёна. Работнікі міліцыі вырашылі праверыць, ці ёсць ім па 16 гадоў, бо ў адваротным выпадку патрабуецца суправаджэнне дарослых. Аднак, падышоўшы да кампаніі, ахоўнікі правапарадку адчулі яшчэ і запах алкаголю. Далейшае асведчанне дзяцей паказала, што кожны з затрыманых быў нецвярозы, хто ў большай, хто ў меншай ступені. Яшчэ высветлілася, што ўсе падлеткі з’яўляюцца жыхарамі райцэнтра, а ў гарпасёлку адзначылі дзень нараджэння сябра і ўжо збіраліся дахаты на таксі, замест якога паблізу і спынілася міліцэйская машына.

На законных прадстаўнікоў двух непаўналетніх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за несуправаджэнне дзяцей у позні час і за знаходжанне іх п’янымі ў грамадскім месцы, яшчэ адзін “п’яны” пратакол складзены на старэйшую дзяўчыну. Вядома ж, падлеткаў і дарослых запрасілі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Адбылася сур’ёзная размова, была дадзена ацэнка ўчынкам навучэнцаў. Як аказалася, двое з іх станоўча характарызуюцца ў школе, і педагогі не чакалі падобнага здарэння. Паводзіны трэцяй дзяўчыны літаральна за тыдзень да непрыемнай сітуацыі ўжо разглядаліся на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Яе бацькі тады атрымалі папярэджанне за несуправаджэнне дачкі ў позні час, ім параілі на працягу года не дазваляць ёй паўторных парушэнняў. На жаль, аматарка позніх прагулак у чарговы раз скарысталася даверам дарослых, запэўніўшы іх, што будзе знаходзіцца ў старэйшай сястры і даглядаць пляменніка. Сумна, але менавіта сястра “стварыла алібі” для дзвюх сябровак, што і дазволіла апошнім на ўласнае меркаванне распараджацца вольным часам. Хлопец жа схлусіў сваёй бабулі-апекуну, што пераначуе ў сябра.

Бацькам непаўналетняй, якая дапусціла паўторнае правапарушэнне, прызначаны штраф – па палове базавай велічыні кожнаму. Старэйшая сяброўка дзяўчыны і бабуля хлопца атрымалі папярэджанне. З усімі трыма падлеткамі будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga