На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны пытанні аб магчымасці вяртання непаўналетніх, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у біялагічныя сем’і.
Ці стала на шлях выпраўлення, пакажа час
У лістападзе непаўналетняга сына жанчыны прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Здарылася гэта з-за “сяброўства” маці з алкаголем і неспрыяльнай атмасферы дома. Разам з сям’ёй жыў брат жанчыны, які злоўжываў алкаголем, часта правакаваў сястру выпіваць разам. Не менш праблем было з сужыцелем і запазычанасцямі за камунальныя плацяжы.
Пасля адабрання сына маці працавала, не дапускала прагулаў, закадзіравалася. Яе сужыцель выехаў на заробкі і цяпер рэдка бывае дома, аднак, як сцвярджае жанчына, ён дапамагае грашыма, нават удалося выплаціць запазычанасць за электраэнергію і камунальныя плацяжы. Брат таксама стаў жыць асобна ад сястры. Маці часта тэлефануе сыну, некалькі разоў наведвала яго ў сацыяльным прытулку.
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама абнадзеілі жанчыну, што, калі і надалей сітуацыя не пагоршыцца, сына ёй вернуць.
Пакуль абяцанні – вяртаць немэтазгодна
Жанчына раней неаднаразова была асуджана, злоўжывала алкаголем, пазбаўлена бацькоўскіх правоў на старэйшае дзіця. Калі нарадзіўся малодшы сын, маці, на жаль, прадоўжыла сваё “сяброўства” са спіртным. У лістападзе маленькага хлопчыка экстрана адабралі ў п’янай маці, змясцілі спачатку ў бальніцу, а пасля ў Гродзенскі дом дзіцяці.
На той час сужыцель жанчыны абяцаў юрыдычна ўстанавіць бацькоўства, каб мець магчымасць гадаваць сына. А на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх яшчэ месяц таму біялагічны бацька выказаў жаданне забраць з сабой у Баранавічы па месцы працы і сужыцельку, якая прайшла кадзіроўку, працавала, не дапускала прагулаў.
Аднак гэта былі пустыя абяцанні. Цяпер сужыцель і сам звольніўся з работы, збіраецца жыць на Дзятлаўшчыне. Жанчына, памятаючы, што адной з умоваў вяртання сына была наяўнасць асобнага жылля, па дапамогу звярнулася ў гаспадарку, дзе працуе. Ёй выдзелілі дом, які доўгі час пуставаў. Ацаніць маштабы будучага рамонту цалкам не паспелі, але для яго ажыццяўлення спатрэбяцца грошы і час, якіх у біялагічных бацькоў амаль не засталося.
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынялі рашэнне, што вяртаць дзіця пакуль немэтазгодна. Калі праблемы дарослых не будуць вырашаны, рашэнне аб вяртанні сына маці будзе прымаць не камісія, а суд, куды накіруюць адпаведныя дакументы.
Як вярнуць дзяцей, не думала
Двое непаўналетніх былі прызнаны маючымі патрэбу ў сацыяльнай абароне з-за паводзінаў маці і яе залежнасці ад алкаголю. Раней жанчына неаднойчы праходзіла лячэнне ў абласной бальніцы Астроўлі, на жаль, і гэта ёй не дапамагло ўзяць сябе ў рукі.
На гэты раз гора-маці праігнаравала выклік на камісію па справах непаўналетніх, дзе вырашаўся далейшы лёс яе дзяцей.
Як паведамілі спецыялісты службаў прафілактыкі, жанчына яшчэ ў лютым дапусціла дзесяць прагулаў па месцы працы. На момант пасяджэння камісіі яна знаходзілася на бальнічным з-за траўмы, але звязацца з ёю не змаглі, паколькі тэлефонныя званкі маці ігнаруе, па-ранейшаму ўжывае спіртное, хаваецца ад спецыялістаў службаў прафілактыкі і нават ад сваякоў, нікому не адчыняе дзверы.
Было прынята рашэнне сабраць і накіраваць у суд дакументы на пазбаўленне маці бацькоўскіх правоў на дзяцей.
Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup