На пытанні аўтаўладальнікаў адказвае начальнік Дзятлаўскай станцыі “Белтэхагляд” Алег Урбановіч.
Пытанне: у аўтамабілі прагніў верхні (першы) пласт задняй банкі глушыцеля. Ці змагу я прайсці тэхагляд?
Адказ: транспартны сродак пройдзе тэхнічны агляд у тым выпадку, калі забяспечваецца герметычнасць кампанентаў сістэмы выпуску адпрацаваных газаў рухавіка.
Пытанне: якія дакументы патрабуюцца пры праходжанні тэхагляду аўтамабіляў з газабалоннай устаноўкай?
Адказ: пашпарт газавага балона або іншы дакумент, які выдаецца ўпаўнаважанай арганізацыяй на правядзенне тэхнічнага агляду газавага балона.
Пытанне: нумар кузава часткова знішчаны, ці можна прайсці тэхагляд?
Адказ: дазвол на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху выдавацца не будзе. Маркіроўкі, якія нанесены на паверхню кузава, павінны адпавядаць указанаму нумару ў пасведчанні аб рэгістрацыі транспартных сродкаў. Тэхагляд транспартны сродак не пройдзе.
Пытанне: у мяне аўтамабіль “Сітраен Ксанція”, на ім устаноўлены паваротнікі з белага шкла, а лямпачкі ўнутры жоўтыя. Ці магу я прайсці тэхнічны агляд з такімі паваротнікамі?
Адказ: згодна з правіламі ўстаноўкі прылад асвятлення і светлавой сігналізацыі колер агнёў аўто павінен быць жоўтым.
Пытанне: ці трэба праходзіць тэхагляд на новы аўтамабіль, набыты ў аўтасалоне?
Адказ: на транспартны сродак, год выпуску якога супадае з годам яго рэгістрацыі, кантрольна-дыягнастычныя работы не праводзяцца. Уладальнік аўтамабіля павінен звярнуцца за выдачай дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga