Свята моцных духам і спагадлівых сэрцам

Важнае Грамадства

З 19 студзеня 1999 года ў Беларусі адзначаецца прафесійнае свята –Дзень ратаўніка.

Гэту дату прынята лічыць кропкай адліку для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь – аднаго з самых маладых у нашай краіне.

Чвэрць стагоддзя ішло яго станаўленне: ратаўнікі ўдасканальвалі і нарошчвалі свой патэнцыял, пры гэтым выкарыстоўваючы вопыт пажарнай службы.

Сёння на Дзятлаўшчыне служаць людзі, якія пачыналі свой прафесійны шлях у тыя часы, калі на Міністэрства МНС былі ўскладзены абавязацельствы па дзяржаўным кіраванні ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і забеспячэння пажарнай бяспекі. Адзін з іх – старшы інструктар-ратаўнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 пасёлка Казлоўшчына Аляксандр Трайнель.

Са справай выратавання людзей ён звязаў сваё жыццё 3 верасня 1998 года, тады калі яшчэ пажарная служба была ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў, якое ў хуткім часе стала самастойным міністэрствам.

– Хацеў служыць Айчыне, насіць пагоны, – расказвае ён. – Вырашыў рэалізаваць сябе ў прафесіі пажарнага.

Аляксандр Леанідавіч ніколі не забудзе свой першы выезд на пажар, які стаў сапраўдным баявым хрышчэннем.

– Мы выехалі на тушэнне Дварэцкага льнозавода, гэты быў самы буйны пажар у раёне на маёй памяці. Ліквідацыя ўзгарання заняла трое сутак, да яе далучыліся пажарныя не толькі Дзятлаўскага, але і суседніх раёнаў. Я тады заступіў на змену на суткі і ўвесь гэты час непасрэдна ўдзельнічаў у тушэнні. Ваду забіралі з ракі Маўчадкі, якая на вачах нават мяльчала.

За чвэрць стагоддзя пажарная служба істотна змянілася, вырасла ў магутную самастойную структуру, якая выконвае шырокі спектр задач, абнавіліся тэхніка і спецабсталяванне, з’явіліся новыя магчымасці, аднак па-ранейшаму ключавым звяном у рабоце з’яўляюцца самі ратаўнікі, якія заўжды стаяць на варце бяспекі людзей.

Аляксандр Трайнель ганарыцца тым, што аднойчы выбраў прафесію ратаўніка, а калектыў Дзятлаўскага РАНС справядліва ганарыцца такім работнікам. За ўзорную службу і высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці Аляксандр Леанідавіч быў адзначаны нагрудным знакам “Выдатнік” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

Равеснікі міністэрства

Прынцыпы і лепшыя традыцыі пажарнай службы прадаўжае новае пакаленне ратаўнікоў, якое нарадзілася ў адзін год з Міністэрствам МНС. Маладыя супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС расказалі, як прыйшлі ў пажарную службу і якім бачаць сучаснага ратаўніка.

Яўген Ясюкайць, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава:

– Рашэнне звязаць жыццё з выратаваннем людзей прыйшло ў старэйшых класах, калі прадстаўнікі службы расказалі нам, школьнікам, аб сваёй прафесіі. Я наведаў з экскурсіяй пажарную часць на малой радзіме ў Воранава і канчаткова ўпэўніўся, што гэта маё прызванне, паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС па спецыяльнасці “папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”.

Па размеркаванні прыехаў на Дзятлаўшчыну, дзе служу ўжо чацвёрты год. За гэты час паспеў і на баявыя выезды паездзіць як начальнік дзяжурнай змены, і два гады папрацаваць інспектарам нагляду і прафілактыкі. На практыцы ўсвядоміў, што папярэджанне надзвычайных сітуацый – не менш важная частка работы ратаўніка, як і іх ліквідацыя. У нашай рабоце не бывае дробязяў: сёння ты пераканаеш чалавека ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік або не адмахнуцца, своечасова замяніць у ім элемент сілкавання, а заўтра ён уратуе некаму жыццё.

Цяпер я нясу адказнасць не толькі за сябе, але і за тры дзяжурныя змены ПАВЧ № 1, а гэта 29 чалавек, стараюся адпавядаць і быць прыкладам як на службе, так і па-за ёй. Ажыццяўляю кантроль дзяжурных змен і ў выпадку неабходнасці выконваю функцыі начальніка змены.

– Якія якасці характару, на вашу думку, неабходныя ратаўніку?

– Я лічу, у маёй службе не абысціся без стрыманасці, умення хутка прымаць рашэнні і адказваць за іх, кіраваць асабовым саставам, бо ад гэтага залежыць вынік ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. Ратаўніком можа стаць толькі той, што бачыць сябе ў гэтай прафесіі, мае жаданне працаваць, валодае валявымі якасцямі, гатовы быць надзейным таварышам у крытычнай сітуацыі.

Дзяніс Скрундзь, вадзіцель ПАВЧ № 1 горада Дзятлава:

– Быць ратаўніком – мара з юнацтва: як і многія хлопчыкі, гадоў з 15 уяўляў, як выязджаю на тушэнне пажараў. Тым не менш спачатку атрымаў “грамадзянскую” спецыяльнасць, а ўжо пасля службы ў арміі прыйшоў працаваць у Дзятлаўскі РАНС, далучыўся да вялікага братэрства ратаўнікоў. Работа цікавая, нестандартная, няпростая, але вельмі мне падабаецца. Разумею, што, калі выязджаю з баявым разлікам на пажар, трэба быць гатовым не толькі кіраваць аўтамабілем і падаваць ваду, але і пры неабходнасці выконваць абавязкі па выратаванні людзей і тушэнні пажара ў саставе звяна. Служба выратавання сёння вельмі рознабаковая, усе мы гатовы дзейнічаць не толькі на пажарах, але і ў любых надзвычайных сітуацыях – ад дарожнай аварыі да хімічнай. Я ўваходжу у групу ратавання на водах пры аддзеле, маю разрад па плаванні. Увесь час вучымся: кожны рабочы дзень пры адсутнасці выездаў пачынаецца з заняткаў і інструктажаў, таксама павышаю сваё майстэрства самастойна. У будучым хачу паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства вадзіцеляў пажарнай цыстэрны.

– Ці збылася мара юнацтва?

– Так, адчуваю сябе шчаслівым ад таго, што люблю сваю работу, сям’я ганарыцца мной, знаёмыя і суседзі паважаюць, бо ратаўнік – гэта не проста прафесія, а лад жыцця.

Сяргей Кардаш, вадзіцель ПАВП № 14 гарпасёлка Наваельня:

– Само жыццё прывяло мяне да прафесіі ратаўніка. Пасля службы ў арміі я вярнуўся на малую радзіму ў Таркачы, думаў, куды пайсці працаваць, атрымліваў запрашэнні з розных сілавых структур, у тым ліку райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Тады вырашыў для сябе, што выратаванне людзей ­ – высакародная справа, з якой я хачу звязаць жыццё. Тры месяцы вучыўся ў Гомельскім філіяле Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, затым некаторы час на практыцы ўваходзіў у курс справы. Дзякуй калегам па аддзеле за падтрымку і цярпенне, з якім яны дапамагалі тады яшчэ навічку. Пачынаў ратаўніком-пажарным, а цяпер працую вадзіцелем разам з камандзірам змены Дзянісам Болтачам. Калектыў паста невялікі, усяго 7 чалавек, таму кожны з нас адчувае павышаную адказнасць за вынік.

– Колькі доўжыцца ваша змена?

– Нават калі заканчваецца дзяжурства, мы знімаем  форму, але ўсё адно застаёмся ратаўнікамі, для якіх важныя паняцці гонар, адвага і прафесіяналізм. Мы нясём адказнасць за свае ўчынкі, з якіх складваецца аўтарытэт усёй службы, таксама гатовы прыйсці на дапамогу заўжды і ўсім, каму гэта патрэбна.

Наталля АВЯРЧУК