Работа і корміць, і поіць

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Лета – гарачы час нарыхтоўкі кармоў ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна.

Работа на палетках вядзецца бесперапынна. У сельскай гаспадарцы работа і поіць, і корміць. І гэта ў буквальным сэнсе слова. Як клапоцяцца ў КСУП “Хвінявічы” пра здаровае харчаванне работнікаў, расказала повар сталовай  Алена Глубокая:

– З ранняй вясны і да самай восені мы забяспечваем гарачым і збалансаваным харчаваннем работнікаў прадпрыемства. Для гэтага ёсць усё неабходнае: транспарт для дастаўкі, перанасны камплект мэблі (столік і крэслы), маецца таксама месца для мыцця рук, змываючыя і дэзынфікуючыя сродкі, што асабліва важна ў перыяд процідзеяння інфекцыі COVID-19. Для дастаўкі гарачага харчавання задзейнічаны дзве машыны, якія штодзённа дастаўляюць каля 60 абедаў і падвячоркаў, і двое работнікаў сталовай. Звычайна гэта каля 10 выязных пунктаў абслугоўвання.

Работнікі прадпрыемства якасцю харчавання задаволены. Так сярод любімых страў механізатар Міхаіл Лаўнік адзначае халодны боршч, кампот і катлеты, кажа:

– Ежа смачная, меню разнастайнае і добра, што заўсёды своечасова прывезена.

Як расказвае Ганна Федарэвіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства, кіраўніцтва зацікаўлена ў стварэнні добрых умоў працы і ўважліва ставіцца да прапаноў па іх паляпшэнні. Належная ўвага надаецца чысціні і парадку. Дарэчы, кошт абедаў для работнікаў складае ўсяго 15 % ад поўнага кошту, а падвячоркі і ўвогуле бясплатныя.

Такі падыход да арганізацыі харчавання дазваляе сэканоміць час і захаваць здароўе работнікаў. Клопат кіраўніцтва відавочны ўсім – ад механізатра да повара, бо харчаванне збалансаванае, якаснае, праца на палях не спыняецца, а настрой ад смачнай ежы і вынікаў працы толькі паляпшаецца.

Кацярына БАРЫСЕНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga