З надыходам ўстойлівых маразоў на некаторых вадаёмах і рэках могуць назірацца заморныя з’явы, якія суправаджаюцца гібеллю рыбы.
Яны выкліканы недахопам або адсутнасцю кіслароду ў вадзе, калі яе паверхня пакрыта тоўстым лёдам. Часцей за ўсё гэта адбываецца на плыткіх, заіленых і моцна зарослых участках. Заморы наносяць значны эканамічны ўрон, таму што рыбапрадуктыўнасць такіх вадаёмаў зніжаецца.
Найбольш адчувальныя да недахопу кіслароду акунь, шчупак, плотка, лешч, язь, менш адчувальныя – карась і карп.
Што ж спрыяе ўзнікненню замору? Па-першае, раскладанне жорсткай воднай расліннасці: гэты працэс сам па сабе прыводзіць да паніжэння ўзроўню кіслароду. Па-другое, наяўнасць снежнага покрыва на лёдзе, што ўскладняе газаабмен у вадзе, а з-за слабой асветленасці водная расліннасць вылучае вельмі мала кіслароду. Каб у ваду пранікала мінімальная колькасць святла, неабходнае для асіміляцыі раслін, пласт снегу на лёдзе не павінен быць таўсцейшым за 5-10 сантыметраў.
У перыяд ледаставу вада ўзбагачаецца кіслародам праз палонкі. Назіраючы за імі, лёгка заўважыць прыкметы заморных з’яў: пры недахопе кіслароду да палонак пачне падыходзіць рыба.
Пасільную дапамогу ў папярэджанні замору могуць аказаць рыбакі расчышчаючы снег і ўтвараючы лункі. Каб яны не замярзалі, у лункі можна закладваць чарот. Пры гэтым рыбакам варта памятаць, што выхад на лёд дапускаецца пры яго мінімальнай таўшчыні 5-7 см (у некаторых выпадках і гэтага можа быць недастаткова). Рабіць лункі на першым лёдзе рэкамендуецца на адлегласці не бліжэй за 4 метры адна ад адной.
Віталь МАРОЗ,
начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету