Зарыбленне азёр у Дзятлаве (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

24 кастрычніка 2020 года ў горадзе Дзятлаве па ініцыятыве Дзятлаўскага райвыканкама праходзіла зарыбленне двух азёр уздоўж вуліц Фогеля і Набярэжнай.

Зарыбленне адбывалася на аснове распрацаванага біялагічнага абгрунтавання. У азёры запушчана 100 кілаграмаў белага амура, які быў прывезены на вадаёмы рыбгасам “Сялец”.

Азёры зарыблялі дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня і яго намеснік Віктар Дзедуль.

Віктар Станіслававіч расказаў, чаму вырашылі запусціць рыбу ў дзятлаўскія вадаёмы:

– Цяпер узровень вады ў нашых азёрах паступова паніжаецца, з-за чаго берагі зарастаюць густой расліннасцю. Каб вырашыць гэтую праблему, мы параіліся са многімі рыбаводамі Дзятлаўскага раёна, якія парэкамендавалі запусціць у вадаёмы такі від сямейства карпавых, як белы амур. Таксама падказалі, якая колькасць рыбы спатрэбіцца, якой яна павінна быць вагі, колькі яе неабходна на адзін квадратны метр воднай гладзі. Варта адзначыць, што скора будзе ўведзена забарона на лоўлю рыбы ў тых азёрах, якія мы сёння зарыблялі. Дзейнічаць яна будзе на працягу трох гадоў. Гэтая мера дазволіць ачысціць вадаёмы ад густой расліннасці і вярнуць ім першапачатковы прыгожы выгляд. Аднак для дзятлаўскіх рыбакоў будзе па-ранейшаму даступна возера, дзе знаходзіцца гарадскі пляж. Там яны і далей змогуць займацца любімай справай. Спадзяёмся, што ўсе жыхары горада нас пачуюць і аднясуцца з разуменнем да часовых абмежаванняў.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота і відэа аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup