Ігар Кухарэвіч: “Працуем для дабрабыту людзей”

Важнае Улада

14 ліпеня з калектывам Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сустрэўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

Ад Ігара Станіслававіча работнікі цэнтра даведаліся, як развіваліся галіны эканомікі Дзятлаўшчыны ў апошнюю пяцігодку, якіх вынікаў дасягнулі працоўныя калектывы.

Ігар Кухарэвіч адзначыў, што значны ўнёсак у развіццё раёна ў справаздачны перыяд ажыццявілі і самі работнікі Дзятлаўскага райЦГЭ, нездарма па выніках працы за мінулы год калектыў прызнаны лепшым у вобласці.

Намеснік старшыні падзякаваў і за зладжаную работу сёлета ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, за тое, што работнікі райЦГЭ здолелі своечасова лакалізаваць ачагі інфекцыі, што сітуацыя з захворваннямі ў раёне паддаецца кантролю.

Ігар Станіслававіч заклікаў калектыў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і надалей не здаваць пазіцый, асаблівую ўвагу надаваць кантролю за выкананнем санітарных патрабаванняў пры ўтрыманні тэрыторый, медыцынскіх аб’ектаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, школьных харчблокаў, бо ад гэтага ў першую чаргу залежыць здароўе людзей. Намеснік старшыні зазначыў, што замежныя госці, якія раней наведвалі раён і адпачывалі ў санаторыі “Радон”, называлі Дзятлава “маленькай Швейцарыяй” за ўтульнасць і прыгажосць. Дзятлаўшчына – маляўнічая і гасцінная, і ўсе службы, усе калектывы раёна павінны імкнуцца працаваць для дабрабыту людзей, якія тут жывуць.

Работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі змаглі абмеркаваць з Ігарам Кухарэвічам найбольш значныя рабочыя пытанні.

Напрыканцы сустрэчы галоўны доктар установы Алена Шайбак расказала, што новага і адметнага зроблена ў Дзятлаўскім райЦГЭ.

– Для паляпшэння ўмоваў працы нашых работнікаў мы абсталявалі пакой прыёму ежы, набылі мэблю. Заменена мэбля і ва ўсіх кабінетах, набыты камп’ютары, прынтары. Для правядзення навучання і прыняцця залікаў у пэўных групаў насельніцтва раёна абсталяваны пакой з відэапраектарам.

Нашы работнікі не толькі займаюцца прафілактыкай шкодных звычак і прапагандай здаровага ладу жыцця, але і самі актыўна далучаюцца да карысных для здароўя заняткаў. Так, у нашым цэнтры абсталяваны “пакой здароўя”.

Такія ж сустрэчы ў гэты дзень адбыліся ў Дзятлаўскім аддзяленні ААТ “Беларусбанк”, дзе з працоўным калектывам сустрэўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, і ў КСУП “Войневічы”, дзе перад работнікамі гаспадаркі выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: