У сімвалах – незалежнасць краіны (+відэа)

Важнае Грамадства

Традыцыйна ў другую нядзелю мая наша краіна святкуе Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Сёлета свята галоўных сімвалаў рэспублікі прыпала на 10 мая.

З гэтай нагоды ў Дзятлаве на галоўнай спартыўнай пляцоўцы гарадскога стадыёна “Колас”, плошчы 17 Верасня, гімназіі № 1, сярэдняй школы № 1, сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай і Наваяльнянскай сярэдняй школе адначасова прайшлі ўрачыстыя цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга.

На іх прысутнічалі прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады, спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прадстаўнікі шматлікіх раённых грамадскіх аб’яднанняў, актыўная моладзь раёна.

– Герб і сцяг Беларусі – гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, важнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны, – адзначылі ў час мерапрыемства арганізатары. – Дзяржаўныя сімвалы краіны выступаюць аб’яднальным звяном у самыя адказныя перыяды жыцця грамадства, выхоўваючы ў падрастаючага пакалення патрыятызм, пачуццё грамадзянскага абавязку і адказнасці за будучыню сваёй краіны.

Права падняць галоўны сімвал краіны на спартыўнай пляцоўцы гарадскога стадыёна “Колас” атрымаў трэнер-выкладчык па футболе Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, распрацоўшчык аўтарскага праекта “Футбол на Дзятлаўшчыне”, уладальнік узнагароды Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь “Зорны мяч” за асабісты ўклад у развіццё масавага футболу ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Ганчар:

— Дзяржаўныя герб і сцяг — гэта сімвалы самаідэнтыфікацыі беларусаў, у тым ліку, у міжнароднай спартыўнай прасторы. Прадстаўляць сваю краіну на Алімпіядзе пад нацыянальным сцягам — найвялікцая адказнасць і павага для кожнага спартсмена. Калі нашы біятланісты, фрыстайлісты, барцы і іншыя выдатныя спартсмены ўзыходзілі на п’едэстал, усе беларусы з заміраннем сэрца назіралі за ўзняццем дзяржаўнага сцяга — сімвала гонару за сваю краіну. Упэўнены, што мы яшчэ не раз пабачым прыгожыя перамогі і беларускі сцяг на міжнародным алімпе

Права падняць сцяг на галоўнай плошчы Дзятлава атрымаў навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, актывіст раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, пераможца рэспубліканскага этапу агляда-конкурсу “Прывітанне, Свет!” Аляксандр Радзецкі.

Пасля закрыцця цырымоніі цікавімся ў Аляксандра:

– Што для вас значыць гэтае свята? Наколькі ганарова атрымаць права падняць дзяржаўны сімвал краіны на галоўнай плошчы раёна?

– Мне вельмі прыемна, што я атрымаў такое права. Лічу, што правядзенне ўрачыстасцей да Дня Дзяржаўных герба і сцяга – гэта даніна павагі галоўным дзяржаўным сімвалам краіны. Разам з тым – гэта яшчэ і праяўленне высокіх грамадзянскіх пазіцый, пачуцця патрыятызму, гонару за гераізм і мужнасць народа, шанаванне яго святыняў і добрых традыцый.

У гімназіі № 1 горада Дзятлава права ўзняць Дзяржаўны сцяг атрымаў навучэнец 11 класа, уладальнік дыплома I ступені абласнога этапу і III ступені рэспубліканскага этапу акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, а таксама дыплома I ступені ў дыстанцыйнай алімпіядзе па хіміі Андрэй Клімец.

Цікавімся ў выпускніка, што для яго значыць гэтае свята?

– Мне вельмі радасна, што я, як і многія мае аднагодкі, маем актыўныя сацыяльныя пазіцыі. Наша дзейнасць дазволіла нам атрымаць высокія ўзнагароды на розных узроўнях і дала магчымасць прыняць удзел ва ўрачыстых цырымоніях, прысвечаных галоўным дзяржаўным сімвалам краіны, якія з’яўляюцца сімваламі суверэнітэту, а значыць і свабоды кожнага грамадзяніна краіны. Гэтыя нацыянальныя каштоўнасці асвятляюць самыя важныя падзеі нашага жыцця, напаўняючы сэрцы пачуццем павагі да Айчыны і адказнасці за яе лёс.

Права падняць Дзяржаўны сцяг у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава атрымаў навучэнец 7 класа, выдатнік вучобы, пераможца раённых алімпіяд па матэматацы Павел Крывулька.

У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава права падняць галоўны сімвал краіны атрымаў навучэнец 11 класа, дыпламант абласных творчых конкурсаў “Таленты Прынямоння”, “Прывітанне, Свет!”, пераможца міжнароднага конкурсу “Вёска fest-2020” Дзмітрый Палухін.

Права падняць Дзяржаўны сцяг у Казлоўшчынскай сярэдняй школе атрымаў навучэнец 11 класа, удзельнік III абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, актывіст раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Павел Шайбак.

У Новаяльнянскай сярэдняй школе нацыянальны сімвал краіны атрымаў права падняць навучэнец 8 класа, дыпламант II ступені абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”, дыпламант I ступені абласнога конкурсу работ даследчага характару “Крыштальная альфа” Аляксандр Баковіч.

Аб тым, наколькі важна захоўваць традыцыі святкавання Дня Дзяржаўных сімвалаў краіны, расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– Беларускія нацыянальныя сімвалы – гэта ўвасабленне незалежнасці нашай дзяржавы. У іх адлюстраваныя міралюбнасць і сіла духу беларускага народа, яго імкненне да свабоды і справядлівасці. Менавіта з павагі да дзяржаўнай сімволікі, шанавання духоўных каштоўнасцей народа і культурнай спадчыны краіны пачынаецца любоў да радзімы.

Маладому пакаленню ў гэты дзень жадаю, каб у іх сэрцах заўсёды жылі пачуцці павагі і гонару за родную краіну.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ