Як перамагчы дрымотнасць

Падзеі

Дрымотнасць — гэта стан, калі чалавеку пастаянна або перыядычна хочацца спаць у непрызначаны для гэтага час.

Чаму ўзнікае дрымотнасць?

Часта дрымотнасць узнікае ў асенне-зімовы перыяд, калі значна скарачаецца колькасць сонечнага святла, якое патрэбна чалавеку для падтрымання настрою і працаздольнасці.

Яшчэ адной прычынай дрымотнасці з’яўляецца дэфіцыт начнога сну. Хранічная стомленасць і пастаянны стрэс зніжаюць унутраныя рэзервы арганізма, таму мозг імкнецца папоўніць іх з дапамогай працяглага сну.

Таксама дрымотнасць могуць выклікаць псіхалагічныя прычыны. Калі вы не задаволены бягучым становішчам спраў або вам сумна, сон дапамагае на час адгарадзіцца ад праблем. Але гэта не вырашае праблему, таму што вы толькі пазбягаеце яе.

Некаторыя лекі маюць пабочныя дзеянні, адным з іх з’яўляецца дрымотнасць. Калі вы сталі заўважаць, што вас хіліць у сон днём, пагаварыце з доктарам аб змене прэпарата.

Усе гэтыя прычыны дрымотнасці лёгка ліквідаваць самастойна, калі дрымотнасць не выклікана захворваннямі.
Ёсць хваробы, якія найбольш часта прыводзяць да дрымотнасці.

Жалезадэфіцытная анемія

Пры гэтым захворванні арганізм адчувае недахоп жалеза.

Вырашыць праблему можна прыёмам прэпаратаў жалеза, якія прызначыць доктар.

Зніжэнне артэрыяльнага ціску

Нізкі ціск часта ўзнікае з-за нізкага тонусу сасудаў.

Разам з доктарам трэба высветліць прычыну паніжанага ціску, а пасля гэтага трэба ўхіляць прычыну.

Зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы

Прычынамі развіцця гіпатэрыёзу могуць быць недахоп ёду, які паступае з ежай, ці няправільная работа гіпаталамуса.

Калі вы заўважаеце слабасць, парушэнне памяці, сухасць скуры і слізістых абалонак, збоі ў менструальным цыкле (у жанчын), дрымотнасць, то не адкладвайце візіт да эндакрынолага.

Цукровы дыябет

Пры цукровым дыябеце зніжаецца выпрацоўка інсуліну. У выніку гэтага ўзровень глюкозы ў крыві павышаецца, трэба здаць аналіз крыві на глюкозу і наведаць эндакрынолага.

Траўма галаўнога мозгу

Страсенне галаўнога мозгу, выкліканае чэрапна-мазгавой траўмай, можа выяўляцца галаўнымі болямі, галавакружэннем, млоснасцю і ванітамі, дрымотнасцю. У гэтым выпадку трэба звярнуцца да неўролага.

Лячэнне дрымотнасці

Калі дрымотнасць выклікана захворваннем, трэба звярнуцца да доктара.

Калі дрымотнасць выклікаюць знешнія фактары, пазбавіцца ад яе дапамогуць наступныя спосабы.

У асенне-зімовы перыяд ўстанавіце дома і ў памяшканні, дзе працуеце, лямпы дзённага святла. Такім чынам вы кампенсуеце недахоп натуральнага асвятлення.

Уставайце па першым званку будзільніка, нават калі хочацца яшчэ паляжаць у ложку. Пасля пад’ёму зрабіце лёгкую гімнастыку і прыміце кантрасны душ.

Як толькі адчуеце лёгкую дрымотнасць на працягу дня, займіцеся спортам. Дастаткова прагуляцца хуткім тэмпам на свежым паветры на працягу 15 хвілін.

Падбярыце рэжым дня, які вам падыходзіць. Паспрабуйце класціся спаць і ўставаць на 20-30 хвілін раней ці пазней звыклага часу.

Паменшыце спажыванне кафеіну. Лішак кафеіну прыводзіць да моцнай узрушанасці нервовай сістэмы, паскарэння сэрцабіцця і павышэння артэрыяльнага ціску.

Не спіце да абеду. Наш арганізм працуе як гадзіннік толькі ў тым выпадку, калі вы выконваеце рэжым дня пастаянна. Праветрывайце пакой перад сном. Падтрымлівайце ў памяшканні тэмпературу 18-20 градусаў.
Не пераядайце на ноч. Добрая вячэра можа стаць прычынай дрэннага сну, таму есці можна не пазней, чым за 2-3 гадзіны да сну. Калі мучыць голад, выпіце шклянку малака або цёплай вады перад сном.

А. ГІРЫК,
доктар-тэрапеўт Дзятлаўскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *