Кірыл Кедук. Яго творчы дзённік

Падзеі

Кірыл Кедук — беларускі піяніст з сусветным іменем, лаўрэат больш за 15 міжнародных конкурсаў. Артыст выступаў на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках. У ліку іх — Steinway Hall у Нью-Ёрку, Mozarteum у Зальцбургу, Sala Verdi ў Мілане, Bridgewater Hall у Манчэстары, Teatro Politeama Garibaldi ў Палерма, Hamarikyu Asahi Hall у Токіа. І гэта — за няпоўныя 28 гадоў.

Kedyk

На дасягнутым вядомы музыкант не спыняецца: сёлета аматары класічнай музыкі змогуць пабачыць на адной сцэне выступленне Кірыла Кедука і вядомага беларускага віяланчэліста Івана Карызны, дарэчы, ураджэнца Дзятлаўшчыны.

Іх сумесны еўрапеўскі тур пройдзе ў жніўні-верасні. Як узнікла яго ідэя, карэспандэнтка газеты пацікавілася непасрэдна ў Кірыла Кедука. Ён таксама  адказаў на пытанні, якія датычацца жыцця і творчасці ўвогуле, а таксама захапленняў.

ЛЯ МУЗЫЧНЫХ ВЫТОКАЎ

— Кірыл, вы нарадзіліся ў Гродне, тым не менш, часта бываеце ў Дзятлаве. Што звязвае вас з нашым рэгіёнам?

— У Дзятлаве жыве мой дзядзька, а ў суседніх Хадзяўлянах —  бабуля. Я вельмі люблю прыязджаць да іх, наведваць Дзятлава. Як  і суседні Навагрудак. Гэта прыгожыя гістарычныя мясціны.

— Цяпер вы ўжо сусветна вядомы піяніст. А  калі адбыўся ваш першы выхад на вялікую сцэну?

— Калі казаць пра вялікую сцэну, то ва ўзросце 10 гадоў я выступіў разам з сімфанічным аркестрам у Белдзяржфілармоніі. А, увогуле, выступаць на сцэне пачаў ва ўзросце 7 гадоў.

— Азіраючыся назад, як лічыце, тое, што вы сталі музыкантам, з’яўляецца нейкім наканаваннем лёсу, заканамернасцю або свядомым выбарам?

— Я нарадзіўся ў сям’і музыкантаў, таму з дзяцінства мяне накіроўвалі менавіта па гэтай дарозе. З аднаго боку, у мяне не было выбару, але ў той жа час я быў задаволены тым шляхам, які прадаставілі мне бацькі. З цягам часу мне гэта пачало падабацца, а потым стала і  сэнсам жыцця.

— Кірыл, за час творчай дзейнасці вы выступалі на розных канцэртных пляцоўках у многіх краінах свету. Ці адрозніваецца іх публіка?

— Так, адрозніваецца. Публіка ў розных краінах, і нават у гарадах,  непаўторная, не падобная адна на адну. Аднак пры ўсім яе адрозненні заўжды  адчуваецца, калі сапраўды слухаюць тваё выступленне ,— ствараецца такая  выключная атмасфера ў зале.

— А як на гэтым фоне бачацца беларускія гледачы?

— Добра. Я вельмі люблю выступаць у Беларусі. Заўжды прыемна даваць тут канцэрты.

АД ДЭБЮТНАГА АЛЬБОМА ДА ФЕСТЫВАЛЮ

— У 2013 годзе вы выпусцілі свой дэбютны альбом і ініцыявалі правядзенне Міжнароднага фестывалю Tyzen House ў Гродне. Раскажыце падрабязней пра гэтыя падзеі.

— Ёсць такая вялікая карпарацыя «Kempinski» . Яна дапамагала таленавітым маладым людзям, я таксама быў сярод тых, каго апекаваў фонд. Кампанія аплаціла  маю вучобу і пражыванне ў Італіі. Таксама спансіравала выхад дэбютнага дыска. Ён запісваўся ў Берліне адным з лепшых нямецкіх гукарэжысёраў. Гуказапісвальная кампанія таксама вядомая —  «Delos». Гэта  кампанія,  кантракт з якой мае Дзмітрый Хварастоўскі. Дарэчы, мяне нядаўна  пазнаёмілі з гэтым вядомым артыстам, калі з канцэртам ён прыязджаў у Мінск.

На жаль, цяпер ён хварэе. Жадаю яму хутчэйшага выздараўлення.

Назва ў майго дэбютнага альбома «Му Рolish Diary» —  «Мой польскі  дзённік». Альбом прысвечаны майму бацьку, паляку па паходжанні. У Польшчы фактычна вырас і я: пераехаў туды, калі мне было 13 гадоў. 9 гадоў жыў у Гданьску. Такім чынам, Польшча — гэта мая другая радзіма. І ў маім дэбютным альбоме — музыка выключна польскіх кампазітараў.

— Кірыл, а  якімі знакавымі падзеямі быў напоўнены прайшоўшы перыяд бягучага года?

— У асабістым жыцці — гэта нараджэнне сына. А ў творчым жыцці — праекты, ідэі, прапановы. Усё ідзе сваёй чаргой. Займаюся работай. Іграю. Езджу на гастролі. Рыхтуюся да чарговага фестывалю TyzenHouse. Плануецца, што ён  пройдзе напрыканцы лістапада.

— У ліку сёлетніх праектаў і сумеснае выступленне з Іванам Карызнам. Як даўно вы знаёмы з ім?

— Знаёмы мы не так даўно. Каля двух гадоў. Пазнаёміліся на першым фестывалі TysenHouse ў Гродне.  Іван выступаў на заключным канцэрце. Праз некаторы час узнікла ідэя сумеснага гастрольнага туру. Пачнецца ён з сярэдзіны жніўня канцэртнай праграмай у Галандыі.

— Кірыл, пры ўсё вашай загружанасці, як вы адпачываеце і ці адпачываеце ўвогуле?

— Адпачыць па-сапраўднаму атрымалася толькі адзіны раз — два гады таму ў Егіпце.  Астатнія  замежныя паездкі практычна заўсёды звязаны з канцэртнымі выступленнямі.

— Кажуць, што талент — гэта толькі 10% ад поспеху. Астатнюю частку складае работа. Колькі часу ў дзень вы працуеце над удасканаленнем свайго майстэрства?

— Па-рознаму. Стараюся іграць  па чатыры гадзіны ў дзень. Цяпер шмат часу займае падрыхтоўка  да еўрапейскага туру  з Іванам Карызнам, да фестывалю ў Гродне. Даводзіцца вырашаць шмат арганізацыйных момантаў. Тым не менш, у мяне  гэта атрымліваецца і нават падабаецца.

МУЗЫКА, ФУТБОЛ І КНІГІ

— Кірыл, ведаю, што вашым захапленнем з’яўляецца футбол. Як даўно «хварэеце» ім?

— З дзяцінства. Нават некаторы час спрабаваў гуляць у прафесійнай футбольнай секцыі.

А вось у  дваровы футбол я гуляю дастаткова доўга. Гуляю так часта, як у мяне гэта атрымліваецца. Хаця б раз на тыдзень.

— А ці ёсць у вас любімая футбольная каманда?

—  «Арсенал»(Лондан).

— Кірыл , напрыканцы размовы, якую параду вы можаце даць  музыкантам, якія толькі-толькі пачынаюць свой творчы шлях?

— Нейкага адзінага ўніверсальнага правіла няма. Трэба працаваць. Верыць у сябе, спрабаваць развіваць культуру.

Бліц-апытанне:

Любімая пара года: у Беларусі гэта лета. А ў Паўднёвай Еўропе  — вясна. Летам там вельмі спякотна.

Любімы кампазітар: Шуман.

Музыка,  якая падабаецца: паўднёваамерыканская музыка, крыху — джаз.

Любімы пісьменнік і кніга:

«Майстар і Маргарыта» Булгакава. У ліку любімых пісьменнікаў — Дастаеўскі, Гогаль, Чэхаў, Маркес.

Любімае кіно:вялікае ўражанне аказала карэйская стужка «Олд бой».

Жыццёвы дэвіз: пэўнага няма. Проста імкнуся быць у добрым настроі. Трэба радавацца таму, што ёсць.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *