Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей сабраў сяброў

Падзеі

Нядаўна па ўсім свеце адзначылі Міжнародны дзень музеяў — прафесійнае свята музейных работнікаў. З гэтай нагоды зазвычай праводзіцца сусветная акцыя «Ноч музеяў», калі музеі розных краінаў зарашаюць сваіх гасцей не толькі наведаць экспазіцыі, але і прапануюць забаўляльную праграму. 20 мая свае дзверы для наведвальнікаў расчыніў і Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей з праграмай «Музей збірае сяброў».

Сёлета работнікі музея разам з юнымі памочнікамі, вучнямі школ горада Дзятлава запрасілі дзятлаўчан у музейныя залы на тэатралізаванае прадстаўленне «Таямніцы начнога музея». Постаці гісторыі ажылі: з дапамогай артыстаў удзельнікі квэста змаглі акунуцца ў гістарычныя эпохі, якімі дыхаюць музейныя экспанаты, пазнаёміцца з даўнейшымі ўладарамі Дзятлава, даведацца пра лёс сялян і стан адукацыі ў мястэчку. Асабліва падарожжа па музейных залах было цікава дзецям: разам з салдатам-удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны ім выпаў шанц вярнуцца больш за сем дзесяцігоддзяў назад і вызваліць Дзятлава, як гэта калісьці зрабілі іх продкі. Дзеці і дарослыя ўзгадалі ключавыя для нашага горада гістарычныя моманты, паўдзельнічалі ў конкурсах і атрымалі сімвалічныя медалі за вызваленне Дзятлава. У зале, прысвечаным дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, наведвальнікі музея пазнаёміліся з постаццю мастака-кераміста, скульптара, жывапісца, члена Союза мастакоў СССР і Беларускага Саюза мастакоў, ганаровага жыхара горада Дзятлава Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага. Ён і сёння прадаўжае тварыць, а яго творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва складаюць экспазіцыю адной з залаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Свята прадоўжыла канцэртная праграма, якую для гасцей «ночы музеяў» падрыхтавалі работнікі Наваельнянскага дома культуры і адпачынку. Госці мерапрыемства змаглі паўдзельнічаць у віктарынах, конкурсах на самага актыўнага наведвальніка, пастраляць у палявым ціры побач з музеям, павесяліцца на танцавальнай праграме.

Сваю творчасць дзятлаўчанам і гасцям горада прадставілі народныя майстры з усёй Дзятлаўшчыны, вырабамі якіх можна было не толькі пацікавіцца, але і набыць. Гісторыка-краязнаўчыя працы, прысвечаныя роднаму краю, прэзентаваў аўтар работ археолаг Пётр Русаў.

Наведвальнікі імпрэзы мелі магчымасць пазнаёміцца з  экспазіцыяй “Планета прыгажосці і здароўя”, якая прадэманстравала навінкі касметычнай і аздараўленчай прадукцыі.

Н. АВЯРЧУК

Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *