Ярмошына растлумачыла сітуацыю з подпісамі ў падтрымку Цярэшчанкі

Улада

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў чарговым відэазвароце растлумачыла сітуацыю з вялікай колькасцю несапраўдных подпісаў, здадзеных у выбарчыя камісіі ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Адносна Віктара Іванавіча Цярэшчанкі было адсеяна шмат подпісаў. У сувязі з гэтым замест 130 тыс. подпісаў, якія здала яго ініцыятыўная група ў ЦВК, цяпер ёсць звесткі аб шасці з лішнім тысячах сапраўдных подпісаў, сабраных у яго падтрымку», — канстатавала Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, паступае шмат пытанняў, няўжо практычна ўсе подпісы, якія сабраны гэтай групай, з’яўляюцца несапраўднымі? Гэта не так, сказала кіраўнік ЦВК і ў сувязі з гэтым нагадала аб некаторых асаблівасцях праверкі здадзеных падпісных лістоў і здадзеных подпісаў. Так, у чацвёртую выбарчую кампанію ў Беларусі, устаноўлена законам спецыяльная працэдура праверкі здадзеных подпісаў. Такім жа спосабам правяраюцца подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. «Для праверкі бярэцца шляхам выпадковай выбаркі ў кожнай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі не менш як 20 працэнтаў здадзеных подпісаў. У тым выпадку, калі праверка гэтай колькасці паказвае, што больш за 15 працэнтаў з іх з’яўляюцца несапраўднымі і не могуць быць залічаны кандыдату ў прэзідэнты, бярэцца дадаткова яшчэ не менш як 15 працэнтаў подпісаў. Па сумах дзвюх праверак, калі ў кандыдата набіраецца больш за 15 працэнтаў несапраўдных подпісаў, праверка спыняецца, і ўсе подпісы, здадзеныя ў гэту раённую выбарчую камісію, прызнаюцца несапраўднымі і не ўлічваюцца ў агульным балансе подпісаў, сабраных і здадзеных у выбарчыя камісіі», — расказала Лідзія Ярмошына.

Яна лічыць, што ў Віктара Цярэшчанкі можа быць і больш сапраўдных подпісаў, аднак праверкі ва ўсіх раёнах такіх абласцей, як Брэсцкая, Гродзенская, Гомельская, Магілёўская, а таксама ў горадзе Мінску паказалі, што подпісы дэфектныя. «Многія з іх з’яўляюцца фіктыўнымі, або выкананымі ад неіснуючых асоб. Праверка пашпартных даных у адпаведных органах дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі паказала, што запісаныя пашпартныя даныя або адсутнічаюць у базе даных, або лічацца зусім за іншымі грамадзянамі. Гэта сведчыць аб тым, што ў шэрагу рэгіёнаў члены ініцыятыўнай групы не збіралі подпісы, а на самай справе падроблівалі, і частка падпісных лістоў з такімі подпісамі была прадстаўлена ў выбарчыя камісіі. У той жа час у Мінскай і Віцебскай абласцях амаль усе подпісы, здадзеныя ініцыятыўнай групай, з’яўляюцца сапраўднымі», — паведаміла кіраўнік ЦВК.

«Цэнтральнай камісіі, вядома, крыўдна, і, думаю, патэнцыяльнаму прэтэндэнту на пасаду Прэзідэнта Віктару Цярэшчанку таксама, што яго так падвялі члены ініцыятыўнай групы, якой ён даверыўся і якія прадставілі ў абгрунтаванне яго вылучэння не заўсёды сапраўдныя подпісы выбаршчыкаў, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — Менавіта таму ўпершыню за ўвесь перыяд існавання названага парадку праверкі падпісных лістоў у Цэнтральную камісію паступіла прапанова аб нерэгістрацыі названай асобы кандыдатам у прэзідэнты з-за таго, што ў падтрымку яго вылучэння прадстаўлена менш за 100 тыс. подпісаў». ЦВК не мае прававых падстаў для рэгістрацыі названай асобы кандыдатам у прэзідэнты, падкрэсліла яна.

Лідзія Ярмошына таксама расказала, што цяпер у Цэнтрвыбаркам паступаюць пратаколы аб устанаўленні колькасці подпісаў, сабраных на тэрыторыі кожнага рэгіёна, якія прадстаўляюць абласныя выбарчыя камісіі. Цяпер пяць абласных і Мінская гарадская выбарчыя камісіі ўжо прадставілі пратаколы па ўсіх асобах, якія збіралі і, галоўнае, здавалі подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Пакуль не здала дакументы, гэта значыць адпаведны пратакол, Брэсцкая абласная выбарчая камісія. «Чакаем яго ў ЦВК заўтра і тады зможам пачаць работу па звядзенні ўсіх лічбаў разам аб вывядзенні афіцыйных лічбаў кампаніі па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты», — рэзюмавала кіраўнік ЦВК.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *