Адзіны дзень інфармавання. Бяспека на знешнім контуры, унутраная, надзённая

Галоўнае Улада

17 жніўня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам ААТ “Молочный Мир”, абласная на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігарам Булаўка выступіла ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – перад педагогамі Гезгалаўскай сярэдняй школы, таксама працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай і Дзмітрыя Баравіка.

Пры абмеркаванні ролі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб народным апалчэнні” ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі ўзгадалі, што яшчэ ў лютым гэтага года на пасяджэнні Савета Бяспекі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны мужчына, ды і не толькі мужчына, павінен умець карыстацца зброяй, хаця б для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям’ю, дом, родны куток і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога іншага”. Перад Міністэрствамі абароны і ўнутраных спраў была пастаўлена задача аб стварэнні народнага апалчэння, бо гэтага вымушае ваенна-палітычная абстаноўка. Вось што, напрыклад, у сваім выступленні адзначыў Ігар Булаўка:

– Прыняцце закона – не чыйсьці капрыз ці меркаване асобных людзей, а тая абставіна, якую мы не можам ігнараваць, і каб захаваць свае суверэнітэт і незалежнасць, абавязаны прадпрымаць такія меры. Ваенныя эксперты і аналітыкі звяртаюць увагу беларусаў на тое, што адбываецца на знешнім контуры нашай рэспублікі. Толькі за апошнія два гады ў Польшчы і краінах Балтыі колькасць штогадовых вучэнняў ваенных сіл блока НАТА павялічылася больш чым у тры разы, як і колькасць іх удзельнікаў, што ўжо казаць пра ваенны канфлікт на Украіне. Зразумела, што патэнцыял, які нарошчваецца каля нашых граніц, прызначаны для наступальных дзеянняў, прычым не супраць саюзных краін-членаў НАТА, а супраць нас. Замежныя дзяржавы ўсвядомілі, што змяніць статус, уладу, канстытуцыйны строй Рэспублікі Беларусь можна толькі знешнім агрэсіўным шляхам. Унутраныя спробы ў 2020 годзе вынікаў не далі: “каляровая рэвалюцыя” правалілася, наша рэспубліка прыняла меры бяспекі і беларускае грамадства яшчэ больш кансалідавалася. Таму прадпрымаюцца спробы знешняй агрэсіі, якія яўна відаць у інфармацыйнай сферы, дзе розныя рэсурсы некаторых краін скіраваны на раскачванне беларускага грамадства і падмену традыцыйных нацыянальных каштоўнасцяў ілжывымі, выгаднымі Захаду. Беларусы ніколі не былі агрэсарамі, мы мірныя людзі, той народ, які перажыў ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, калі быў забіты кожны трэці грамадзянін. Размяшчэнне ж у нас тактычнай ядзернай зброі – адзін са стрымліваючых механізмаў, які закліканы “астудзіць” задумкі Заходніх дзяржаў па захопе беларускіх тэрыторый і прадпрыманні агрэсіўных дзеянняў.

Па меркаванні экспертаў-аналітыкаў, дынаміка геапалітычных працэсаў указвае на адсутнасць магчымасцяў нармалізацыі ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны ў сярэднетэрміновай перспектыве, а на сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Белавежскі ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Я не хачу, каб мой народ, асабліва пры мне, ваяваў. Вы бачыце, што адбываецца ў нашых суседзяў. Гэтая страшная справа, урокі для нас вельмі сур’ёзныя. Але я хачу, каб вы разумелі: мы зброяй не бразгаем, але рыхтуемся ў любы момант абараніць сваю краіну”. 17 ліпеня 2023 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь № 287-З “Аб народным апалчэнні”. Яго мэта – надаць абароне беларускай дзяржавы ўсенародны характар, у аснову закладзены прынцыпы добраахвотнасці, законнасці, гуманізму і галосных формаў дзеянняў. Фарміраванне народнага апалчэння ажыццяўляецца на падставе ўказа Прэзідэнта, атрады ствараюцца рашэннем мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, саветаў абароны, камплектаванне адбываецца за кошт добраахвотнікаў, здольных па асабістых якасцях, стане здароўя выконваць ускладзеныя на іх задачы. Залічэнне добраахвотнікам у народнае апалчэнне не з’яўляецца падставай для вызвалення ад прызыву на ваенную службу па мабілізацыі і спыненні працоўных адносінаў (захоўваюцца месца работы, пасада, сярэдні заробак). Атрады народнага апалчэння дыслакуюцца і выконваюць задачы ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе сфарміраваны, а добраахвотнікі размяшчаюцца па месцы жыхарства, агульнае кіраўніцтва апалчэннем ажыццяўляе мясцовы савет абароны, а непасрэднае – тэрытарыяльным органам унутраных спраў. Законам таксама вызначаны паўнамоцтвы службовых асобаў і дзяржаўных органаў. Галоўным адрозненнем народнага апалчэння ад тэрытарыяльных войскаў з’яўляецца добраахвотнасць удзелу грамадзян у забеспячэнні правапарадку і менавіта на той тэрыторыі, дзе яны самі жывуць, а колькасць, састаў і задачы апалчэння вызначаюцца рашэннямі кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у залежнасці ад патрэбы і магчымасцяў адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Асноўнай задачай, якая выконваецца народным апалчэннем, з’яўляецца садзейнічанне тэрытарыяльным органам унутраных спраў у забеспячэнні ваеннага становішча і падтрыманні правапарадку там, дзе яны сфарміраваны, а калі сказаць простымі словамі – ахова сваіх дома, пасёлка, вёскі, малой радзімы.

– Хочацца верыць, што закон аб народным апалчэнні застанецца проста законам, аднак сёння трэба разумець, якая сітуацыя складваецца ў свеце і вакол Беларусі, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Мы знаходзімся практычна ў ачагу, і трымаць баланс удаецца толькі дзякуючы вопыту Прэзідэнта нашай краіны. Беларусы не хочуць канфрантацыі на сваёй зямлі, і суседзяў-літоўцаў або палякаў жадаюць бачыць выключна з мірам, у якасці гасцей. Разам з тым народнае апалчэнне – гэта тое фарміраванне, якое ў крытычны момант дапаможа абараняць нашы мір і спакой, каб разумець гэта і ладзіцца падобная інфармацыйная работа з насельніцтвам.

Пагутарылі і пра іншыя складнікі грамадскай бяспекі, такія як прафілактыка п’янства, адказнасць за злачынствы супраць палавой свабоды і недатыкальнасці непаўналетніх, прафілактыка пажараў і бытавая бяспека насельніцтва пры падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона, ратаўнікі нагадалі таксама, як не заблукаць у лесе і чым дапаможа мабільны дадатак “Дапамога побач”, анансавалі акцыі МНС “З клопатам аб бяспецы малой радзімы” і “У цэнтры ўвагі – дзеці”.

Перайшлі і да харчовай бяспекі, якая цесна залежыць ад сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, Гродзенскага рэгіёна і Дзятлаўшчыны ў прыватнасці. Было адзначана, што раённы бюджэт за І паўгоддзе склаўся з прафіцытам.

Заключнай у выступленні некаторых інфармацыйна-прапагандысцкіх груп стала не менш важная тэма, своеасаблівая паралель з гістарычнага вопыту нашай краіны – аб расследаванні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga