Выбары па новых правілах

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі і грамадзянамі па месцы жыхарства, у час якіх прадстаўнікі кіраўніцтва раёна тлумачаць асаблівасці электаральнай кампаніі 2024 года і знаёмяць з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Гэтым разам намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская наведала Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.

Гаворачы пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна за гэты год, яна адзначыла істотны прагрэс практычна ва ўсіх напрамках:

– Па выніках работы за 10 месяцаў індэкс фізічнага аб’ёму (ІФА) вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаўся на ўзроўні 107,4 %. Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску на эканоміку больш за палову арганізацый раёна змаглі нарасціць аб’ёмы вытворчасці ў справаздачным перыядзе. Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.

Таксама Вольга Антонаўна падрабязна расказала аб новаўвядзеннях на “Выбарах-2024”, нагадала:

– Упершыню ў нас пройдзе адзіны дзень галасавання, калі будуць выбірацца дэпутаты ўсіх узроўняў, пачынаючы ад сельскіх Саветаў і заканчваючы Саветам Рэспублікі. Аднак, як і ў папярэднія электаральныя кампаніі, грамадзяне атрымаюць магчымасць выказаць сваё волевыяўленне не толькі ў асноўны дзень 25 лютага, але паўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні з 20 па 24 лютага.

Яна заклікала землякоў не заставацца раўнадушнымі да будучыні сваёй краіны, прыняць актыўны ўдзел у выбарах дэпутацкага корпусу, які будзе прадстаўляць інтарэсы грамадзян на ўзроўні рэспублікі і на месцах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: