Сімвалы Беларусі – сімвалы міру і адзінства народа

Галоўнае Грамадства

12 мая ў Дзятлаве адбылося святкаванне Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Стартавалі ўрачыстыя мерапрыемствы на плошчы 17 Верасня.

Пачатак ім паклала акцыя “Сімвалы маёй краіны”, у час якой удзельнікам і гасцям мітынгу моладзь раздала чырвона-зялёныя стужкі з бутаньеркамі і іншую атрыбутыку ў каляровай гаме дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікаў свята павітаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна падпалкоўнік Генадзь Суравец:

– Воляй народа Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн Рэспублікі Беларусь сталі духоўнымі святынямі, якія ўвасабляюць традыцыі, маральныя каштоўнасці, якасці беларусаў. Нязменна гэта дата святкуецца пасля Дня Вялікай Перамогі. 79 гадоў назад чырвоны сцяг Перамогі быў узняты над рэйхстагам. Як для воінаў-франтавікоў дарагі сцяг Перамогі, так і для кожнага беларуса дарагія герб, сцяг, гімн. Яны суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця: ад знамянальных дзяржаўных святаў да спартыўных перамог. Ад усёй душы віншую ўсіх з гэтым цудоўным святам. Жадаю мірнага яснага неба, дабрабыту і ўтульнасці ў дамах, міру і цяпла – у сэрцах.

Адкрылі святочны мітынг рытуал урачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга і акцыя “Праспяваем гімн разам!”, да якіх далучыліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, навучэнцы, дзятлаўчане.

Пачэснага права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь былі ўдастоены дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Уладзімір Жых, пад кіраўніцтвам якога арганізацыя займае пачэснае месца на раённай Дошцы гонару; дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык – установа адукацыі па выніках 2023 года занесена на Дошку гонару раёна; навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель –лаўрэат абласной прэміі імя А. Дубко, прызёр рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па грамадазнаўстве і Станіслаў Якаўчык – член моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым і Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, пераможца абласнога конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”.

Праграму мітынгу прадоўжыла патрыятычная акцыя “Клятва вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь”, якую прынесла моладзь Дзятлаўшчыны. Юнае пакаленне грамадзян суверэннай Беларусі паабяцала любіць, паважаць, абараняць сваю Айчыну, самааддана працаваць на яе карысць, памнажаючы эканамічную моц, навуковы патэнцыял, культурнае багацце і спартыўную славу.

Нотку ўрачыстасці сустрэчы надало яркае і дынамічнае сцяг-шоу ад школьнікаў і меладычная песня.

Кранальна прайшла ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў рады грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, якую правялі старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Моладзевыя лідары раёна пажадалі юнакам і дзяўчатам не забываць сваё піянерскае юнацтва, прадаўжаць добрыя справы і дасягненні ў радах Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, старанна вучыцца, быць актыўнымі і ініцыятыўнымі, сваімі намаганнямі і поспехамі памнажаць дабрабыт краіны і каб над галавой было светлае мірнае неба роднай Беларусі.

Завяршыўся мітынг ускладаннем кветак да магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова ў гарадскім парку.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga