Юбілеі. Мікалаю Бубноўскаму – 60 гадоў

Важнае Улада

10 мая адметную дату адзначыў адзін з тытанаў сельскай гаспадаркі Дзятлаўшчыны – дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі.

На жаль, пакуль ён не можа адзначыць гэту падзею ў коле родных і сяброў: папраўляе здароўе ў Дзятлаўскай бальніцы. Аднак кіраўніцтва раёна і калегі па аграпрамысловым комплексе не змаглі пакінуць без увагі юбілейную дату Мікалая Анатольевіча, павіншавалі яго і ўручылі заслужаныя ўзнагароды.

Шчырыя словы юбіляру выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Шаноўны Мікалай Анатольевіч, увесь ваш працоўны шлях працягласцю ў 35 гадоў звязаны з сельскай гаспадаркай Дзятлаўшчыны, чвэрць стагоддзя вы працуеце на кіруючых пасадах. За гэтыя гады зарэкамендавалі сябе як мудры і дальнабачны кіраўнік, руплівы гаспадар, надзейны партнёр і добры таварыш. Пад вашым кіраўніцтвам гаспадаркі раёна не раз адзначаліся як сельгаспрадпрыемствы ўзорнага парадку і працоўнай дысцыпліны, работнікі не раз станавіліся лідарамі ў сферы раслінаводства і жывёлагадоўлі. На вас раўняюцца і бяруць прыклад маладыя кіраўнікі. Дзякуй вам за адданую працу, шчырую любоў да сваёй справы і сельскай гаспадаркі Дзятлащшчыны ў цэлым, неабыякавасць і спагадлівасць да землякоў. Жадаю найхутчэйшага выздараўлення і новых поспехаў у стваральных справах на карысць нашага раёна.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў юбіляру Ганаровыя граматы Гродзенскага аблвыканкама і Дзятлаўскага райвыканкама.

Да віншаванняў далучыўся першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, падзякаваў Мікалаю Бубноўскаму за плённае супрацоўніцтва, эфектыўную работу, што пацвярджаюць высокія вытворчыя вынікі.

Павіншаваць імянінніка прыехаў калега па цэху – намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога аграпрамысловага Саюза Іван Алізаровіч, які са словамі найлепшых пажаданняў уручыў Мікалаю Анатольевічу, які з’яўляецца кіраўніком аграпрамысловага Саюза Дзятлаўшчыны, Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога аграпрамысловага Саюза.

У гэты знамянальны дзень юбіляр быў адзначаны яшчэ адной важкай узнагародай – Ганаровай граматай Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Пачэсную місію ўручыць узнагароду выканаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.

Сёлета споўнілася 10 гадоў, як Мікалай Бубноўскі ўзначальвае КСУП “Хвінявічы”. За гэты час адзначаецца станоўчая дынаміка ў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, прадпрыемства з’яўляецца лідарам раёна ў жывёлагадоўлі, у прыватнасці, у малочнай галіне. Пад кіраўніцтвам Мікалая Анатольевіча працуе дружны высокакваліфікаваны, амбіцыёзны, мэтанакіраваны калектыў, работнікі якога жадаюць свайму лідару моцнага здароўя і з нецярпеннем чакаюць яго вяртання на працу.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga