Адзіны дзень інфармавання ў Круцілавічах

Галоўнае Улада

Сёння ў нашым раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. У аграгарадку Круцілавічы працавала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Дубовікам.

На павестку дня былі вынесены 3 пытанні: «Павышэнне якасці і даступнасць паслуг аховы здароўя», «Захворванне і смяротнасць ад анкалагічнай паталогіі ў Дзятлаўскім раёне. Ранняе выяўленне і прафілактыка», «Рэалізацыя Дэкрэта № 3 ад 2 красавіка 2015 года «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» .
Першыя два пытанні раскрыла намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Інэса Гусева. Яна расказала, што на 1 студзеня 2018 года ў Рэспубліцы Беларусь колькасць насельніцтва склала каля 9,5 мільёнаў чалавек, прырост за апошнія 5 гадоў — 27,3 тысяч чалавек. Што тычыцца нашага раёна, то ў пачатку года колькасць насельніцтва склала 24351 чалавек. Насельніцтва Дзятлаўшчыны за апошнія 5 гадоў зменшылася на 2520 чалавек. Нараджальнасць у раёне таксама паступова зніжаецца. За 6 месяцаў 2018 года назіраецца зніжэнне смяротнасці насельніцтва Дзятлаўшчыны.
Інэса Гусева таксама адзначыла, што ў нашым раёне дастатковая колькасць практыкуючых дактароў. Дзятлаўскі раён забяспечаны дактарамі першаснага звяна. У мінулым годзе ў раён прыбылі 8 дактароў, 5 з іх — маладыя спецыялісты. З 1 жніўня на першае працоўнае месца ў наш раён прыбудуць таксама 8 дактароў: акушэр-гінеколаг, лор, неўролаг, афтальмолаг, анастэзіёлаг-рэўматолаг і 3 доктары агульнай практыкі. У гэтым жа годзе чакаецца, што з’явіцца новы сярэдні медперсанал.

 

У Дзятлаўскім раёне некалькі лячэбных установаў: Дзятлаўская ЦРБ, Наваельнянская і Казлоўшчынская бальніцы, Гезгалаўская бальніца сястрынскага догляду, 4 амбулаторыі дактароў агульнай практыкі і 20 ФАПаў. У нашых медустановах шырока ўкараняюцца высокатэхналагічныя метады лячэння ў галіне кардыялогіі, неўралогіі, нейрахірургіі, транспланталогіі.
Матэрыяльная база аховы здароўя ў раёне папаўняецца і абнаўляецца, праводзяцца бягучыя рамонтныя работы, мадэрнізацыі медкабінетаў. У гэтым годзе працягваецца закупка неабходнага якаснага абсталявання. За кошт рэспубліканскага бюджэту ў раён набыты новы УГД-апарат высокага класа, цяпер чакаецца пастаўка пераноснага УГД-апарата, з дапамогай якога ўльтрагукавое даследаванне пацыенту можна зрабіць прама ў палаце.
Падыходзячы да другога пытання, намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ акцэнтавала ўвагу прысутных на важнасці прафілактыкі анкалагічных захворванняў. Штогод у нашым раёне выяўляецца каля 120-140 пацыентаў з анкалагічнымі паталогіямі, прыкладна кожны пяты — у запушчанай стадыі, калі пацыенту складана дапамагчы. Рэгулярна медыкі праводзяць спецыяльныя скрынінгі для пошуку злаякасных наватвораў у чалавека, які не мае ніякіх сімптомаў пухлін.

 

Інэса Гусева зрабіла акцэнт на тым, што трэба сачыць за сваім ладам жыцця, берагчы здароўе і пры нядужанні адразу звяртацца да медыкаў, каб не запускаць захворвання.
Трэцяе пытанне раскрыла начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель. Яна распавяла пра тое, што галоўная задача Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» — дапамагчы кожнаму чалавеку знайсці працу і быць сацыяльна абароненым. Яна адзначыла, што атрымаць статус дармаеда можна па двух прычынах: калі ён працуе нелегальна і калі чалавек не хоча працаваць. У нашым раёне каля 70 афіцыйна беспрацоўных, пры гэтым колькасць вакансій перавышае ў 5 разоў. Нават калі адразу не ўдаецца знайсці працу з высокай зарплатай, формула «добрая адукацыя плюс вопыт» заўсёды працуе. У нас у раёне працуюць кірмашы вакансій, на якіх ёсць выбар працоўнага месца.
Акрамя ўсяго, 19 ліпеня ў вобласці праводзіцца Адзіны дзень па прафілактыцы вытворчага траўматызму.

Пра неабходнасць клопату пра сваё здароўе і асцярожнасць на працоўным месцы нагадаў прысутным старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *