Адзіны дзень галасавання. Усе ўмовы для галасавання выбаршчыкаў будуць створаны

Важнае Падзеі Улада

Электаральная кампанія паступова выходзіць на фінішную прамую, а на Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца інфармацыйныя сустрэчы ў працоўных калектывах і з грамадзянамі па месцы жыхарства, у час якіх  прадстаўнікі кіраўніцтва раёна тлумачаць нюансы сёлетніх выбараў дэпутатаў, знаёмяць з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Дзятлаўскае РУП ЖКГ наведалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова і намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч.

Кіраўнік раёна нагадаў, што выбары 2024 года асаблівыя для беларусаў, бо адначасова будуць выбірацца дэпутаты ўсіх узроўняў. Гэта дазволіць сэканоміць значныя фінансавыя сродкі, аднак патрабуе напружанай работы ўсіх, хто заняты ў электаральнай кампаніі. Для грамадзян важна з поўнай адказнасцю падысці да выбарчага працэсу, аддаючы свой голас за тых людзей, якія не проста будуць займацца заканатворчай і грамадскай дзейнасцю, але і вызначаць вектар развіцця нашай краіны.

– У абстаноўцы міжнародных хваляванняў і выклікаў часу палітыка нашай дзяржавы была і застаецца міралюбівай: нам важна зберагчы і захаваць мір і стабільнасць унутры краіны, – адзначыў ён.

Андрэй Уладзіміравіч пазнаёміў работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі з вынікамі работы за мінулы год і бліжэйшымі перспектывамі.

– Нягледзячы на санкцыйны ціск, эканоміка раёна не толькі не збавіла, але і нарасціла абароты. 2023 год выдаўся надзвычай паспяховым дзякуючы эфектыўнай рабоце арганізацый і прадпрыемстваў раёна як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці. Маем на рахунку свабодныя грашовыя рэшткі, якія сёлета будуць зрасходаваны на сацыяльную сферу, – расказаў старшыня райвыканкама. – Планаў шмат: гэта капітальны рамонт жылфонду, дарожнай сеткі ў райцэнтры і аграгарадках, рамонт даху сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і вырашэнне пытання басейна, абнаўленне абсталявання ў навучальных установах і многае іншае.

Сяргей Аляшкевіч заклікаў дзятлаўчан быць пільнымі ў сацыяльных сетках, каб засцерагчы сябе ад дзеянняў, якія могуць класіфікавацца як праяўленне экстрэмізму, не далучацца да сумніўных інфармацыйных каналаў і тройчы падумаць аб тым, што “лайкаеце” або “рэпосціце”.

Вольга Рагачова пазнаёміла прысутных з асноўнымі навацыямі змененага выбарчага заканадаўства Беларусі, патрабаваннямі да кандыдатаў у дэпутаты. Яна расказала аб правілах вядзення перадвыбарчай агітацыі, у перыяд якой уступіла электаральная кампанія, і аб тым, якія ўмовы для галасавання выбаршчыкаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі павінны быць створаны на ўчастках (размяшчэнне на першым паверсе, наяўнасць спецыяльных сталоў або кабіны для галасавання павялічанага памеру, павелічальнага шкла (лупы), спецыяльных трафарэтаў).

– Жадаючыя прагаласаваць дома змогуць зрабіць гэта ў асноўны дзень галасавання, 25 лютага, з 8 да 20 гадзін, – адзначыла Вольга Мікалаеўна, – аднак павінны паведаміць ва ўчастковую камісію аб сваім рашэнні не пазней за 18 гадзін гэтага ж дня.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: