“Прымаем на працу”

Галоўнае Грамадства

Кірмаш вакансій і дзень прафарыентацыі прайшлі ў Дзятлаве.

У актавай зале Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшоў кірмаш вакансій і дзень прафесійнай арыентацыі. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і наймальнікі сустракаліся з жадаючымі знайсці работу, прайсці навучанне з далейшым працаўладкаваннем ці адкрыць прадпрымальніцкую дзейнасць.

Наймальнікі адказна падышлі да мерапрыемства: на кірмашы вакансій прысутнічалі прадстаўнікі 17 арганізацый раёна.

Варта зазначыць, што на 1 ліпеня ў раёне ў якасці беспрацоўных афіцыйна зарэгістраваны 56 чалавек, пры гэтым у раённым банку даных вакансій цяпер звыш 350 прапановаў ад наймальнікаў. Па словах намесніка начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алены Савань, на Дзятлаўшчыне адчуваецца патрэба ў медсёстрах і дактарах, у сельскагаспадарчым сектары – у ветырынарных дактарах і ветфельчарах, таксама ў дэфіцыце прадаўцы і трактарысты. Дарэчы, спецыяліст зазначае, што ўпраўленне па працы і занятасці паралельна з кірмашом вакансій праводзіла дзень прафарыентацыі, гэта значыць, інфармавала беспрацоўных аб магчымасці навучання і перанавучання па шэрагу прафесій. Сярод іх – вальшчык лесу; вадзіцель пагрузчыка; каменшчык, мантажнік будаўнічых канструкцый; трактарыст; электраманцёр; ліфцёр; цырульнік, майстар па манікюры; повар, кандытар; цясляр-бетоншчык; асновы прадпрымальніцкай дзейнасці; прадавец, кантралёр-касір і іншыя. Навучанне пачынаецца па меры фарміравання групаў жадаючых атрымаць новую прафесію. Пры гэтым у групе павінна быць не менш за 12 чалавек на адну спецыяльнасць. У час навучання для беспрацоўных прадугледжаны выплата стыпендый, прадастаўленне жылля, матэрыяльная дапамога, кампенсацыя за праезд да месца вучобы і назад.

Пакуль размаўлялі з Аленай Савань, пачалі падыходзіць людзі. Першы кандыдат на занятасць – жыхар горада Дзятлава. Расказаў, што у яго ёсць вадзіцельскае пасведчанне і будаўнічая спецыяльнасць. Мужчыне прапанавалі паразмаўляць з прадстаўнікамі наймальнікаў, якія знаходзіліся ў зале, выбраць для сябе канкрэтную прапанову, паколькі ў яго выпадку такая магчымасць была. І сапраўды, мужчыну запрасілі на субяседаванне да кіраўніка адной з арганізацый.

Канкрэтная размова атрымалася і з наступным кандыдатам у работнікі. Малады чалавек расказаў, што нядаўна вярнуўся з арміі і хоча працаўладкавацца. За плячыма ў яго Навагрудскі аграрны каледж, дзе адвучыўся на агранома. Вышэйшую адукацыю па гэтай жа спецыяльнасці плануе атрымліваць завочна. Маладым аграномам адразу ж зацікавіліся прадстаўнікі КСУП “Белагурна”. Запрасілі прыехаць у гаспадарку з дакументамі, пры працаўладкаванні паабяцалі жыллё.

Жыхар Дзятлава, які мае абмежаванні з-за стану здароўя і нядаўна звольніўся з работы, таксама вырашыў паспытаць удачу. Яму прапанавалі адразу некалькі вакансій, пры ўладкаванні на якія праблемаў з медыкамі ўзнікнуць не павінна – паштальёна, вартаўніка, падсобнага работніка, як варыянт, параілі падумаць наконт самазанятасці. Мужчына адхіліў усе прапановы па вакансіях, а вось памятку па прадпрымальніцкай дзейнасці ўзяў з сабой і развітаўся.

Наступны беспрацоўны зазначыў, што зазірнуў на кірмаш вакансій на ўсялякі выпадак, бо на днях збіраецца наведацца ў адну з гаспадарак раёна для размовы са старшынёй наконт працаўладкавання. Мужчыне параілі, калі не знойдзе работы, абавязкова стаць на ўлік у цэнтр занятасці. Дарэчы, летам для беспрацоўных, па словах Алены Савань, ёсць шмат магчымасцяў зарабіць на грамадскіх работах, якія прапаноўвае цэнтр занятасці. Магчыма, з-за “піку” грамадсіх работ у час кірмаша вакансій у Дзятлаве асаблівага ажыятажу не назіралася. Але падобныя сустрэчы і надалей будуць рэгулярна праходзіць ва ўсіх сельсаветах нашага раёна.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *