Выбары – 2018. У Наваельні прайшла сустрэча кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета з выбаршчыкамі

Улада

Галоўным клопатам сваёй дэпутацкай дзейнасці – у выпадку выбрання дэпутатамі 18 лютага, вядома – усе кандыдаты ў дэпутаты Дзятлаўскага раённага Савета, якія прыйшлі на сустрэчу з выбаршчыкамі вечарам 31 студзеня, назвалі клопат пра добраўпарадкаванне гарпасёлка. Адны тут нарадзіліся, іншыя, прыехаўшы на новае месца жыхарства, з пасёлкам за многа гадоў парадніліся.

За 28 гадоў жыцця ў Наваельні пасёлак для яе стаў родным, прызналася Алена Баброўская. Галоўным матывам для дэпутацкай дзейнасці яна назвала імкненне добраўпарадкаваць Наваельнянскі дзіцячы сад, дзе працуе загадчыцай, і забяспечыць бяспеку для яго выхаванцаў (адрамантаваць дарожкі). А яшчэ Алена Мікалаеўна хоча бачыць у гарпасёлку больш кветак, больш зручных пляцовак для маладых мамаў з малымі дзецьмі, увогуле – больш прыгажосці. І гатова выявіць грамадзянскую актыўнасць, каб арганізаваць намаганні мясцовых арганізацый і жыхароў у гэтым кірунку.

Ураджэнец Наваельні Дзяніс Купрыяновіч з’яўляецца начальнікам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, часта кантактуе з рознымі людзьмі, якія звяртаюцца з рознымі пытаннямі і праблемамі. Спадзяецца, што статус дэпутата паспрыяе яму пры аказанні дапамогі людзям.

Аляксандру Бараноўскаму прадстаўляцца мясцоваму люду, лічы, няма асаблівай патрэбы – яго ведаюць: больш за 17 гадоў працаваў у Наваельнянскай школе, быў дырэктарам установы, многіх навучаў і выхоўваў. Гэтым часам узначальвае раённы Савет дэпутатаў, часта сустракаецца з людзьмі на прадпрыемствах і па месцы жыхарства. Аляксандр Станіслававіч адзначыў, што кожны год у Наваельні праводзіцца рамонт 1-2 дамоў, да 2020 года запланаваны рамонт 3 дамоў. Актуальнай задачай, на яго думку, з’яўляецца і добраўпарадкаванне вуліцы К. Маркса. Ёсць спадзяванне, што неўзабаве Наваельня трапіць у рэспубліканскую праграму развіцця малых гарадоў і пасёлкаў, што паспрыяе большаму фінансаванню для яе абнаўлення.

Перад удзельнікамі перадвыбарчай сустрэчы выступіў і Юрый Мамедаў. У якасці даверанай асобы ён пазнаёміў выбаршчыкаў з кандыдатам у дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па Наваельнянскай выбарчай акрузе №29 Аляксандрам Ківуляй.

Старшыня выканкама Наваельнянскага сельскага Савета Ірына Кунахавец азнаёміла выбаршчыкаў са спісам кандыдатаў у дэпутаты Наваельнянскага сельсавета.

Сустрэча з выбаршчыкамі прайшла ў актавай зале Наваельнянскай школы.

Ул. інф. “Перамогі”



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *