Пільнасць, прафілактыка і кантроль

Важнае Улада

Гэта тыя складальнікі, якія фарміруюць алгарытм фактычна любой рэзультатыўнай дзейнасці.

Калі ж хоць па адным з іх будзе праяўлена халатнасць, вынікі не парадуюць. На гэтым акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння раённага выканаўчага камітэта яго старшыня Андрэй Садоўскі.

Два пытанні разглядалі на гэты раз: работу раённых суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні і недапушчэнні крадзяжоў маёмасці ўсіх формаў уласнасці; падрыхтоўку сельскагаспадарчых арганізацый да правядзення ўборкі збожжавых і зернебабовых культур.

Намаганні на ўмацаванне грамадскага парадку

Па выніках пяці месяцаў бягучага года на Дзятлаўшчыне павялічылася агульная колькасць рэгіструемых злачынстваў з 87 да 94 у параўнанні з 2021 годам.

Галоўны спосаб учынення крадзяжоў – шляхам свабоднага доступу на тэрыторыю арганізацый, прадпрыемстваў і ў домаўладанні, што сведчыць аб неналежным стаўленні грамадзян да захаванасці як дзяржаўнай, так і ўласнай маёмасці, а таксама наяўных праліках у прафілактычнай рабоце аддзела ўнутраных спраў па абсталяванні памяшканняў фізічных асобаў тэхнічнымі сродкамі аховы.

На аб’ектах дзяржаўнай формы ўласнасці зарэгістраваны 2 крадзяжы, на аб’ектах аграпрамысловага комплексу крадзяжоў не дапушчана.

Як паказвае аналіз, мэта крадзяжоў з гадамі істотна не мяняецца. Прадметамі злачынных замахаў у большасці выпадкаў з’яўляецца бытавы лом (12 з 29 выпадкаў), грашовыя сродкі, прадукты харчавання, алкагольная прадукцыя.

У параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года ў сферы аграпрамысловага комплексу адзначаецца нязначнае пагаршэнне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны – выяўлена 14 фактаў знаходжання грамадзян у працоўны час на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, які трымаў справаздачу, з боку кіраўніцтва АПК ёсць разуменне праблемы і прадуктыўны падыход да яе.

А вось з Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства прыйсці да агульнага суладдзя не атрымліваецца. Маюцца хібы ў рабоце структуры па забеспячэнні належнай тэхнічнай умацаванасці падведамных аб’ектаў. У 2021 годзе дапускаліся факты неналежнага выканання службовых абавязкаў, адсутнасці кантролю за станам аб’ектаў гандлю і вартавой аховы. Не прыняты меры па арганізацыі тэхнічнай умацаванасці магазіна “Заготовительный”, які размешчаны на вуліцы Слонімскай у Дзятлаве. Складскія памяшканні для захоўвання каляровых металаў пажарна-ахоўнай сігналізацыяй не абсталяваны, рэкамендацыі па ўстаноўцы відэаназірання на дадзеным аб’екце не прыняты да ўвагі.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі пагадзіўся з Аляксандрам Білем, што неабходна на дадзеных аб’ектах ліквідацыя прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў. Таксама Андрэй Уладзіміравіч пацікавіўся ў начальніка АУС аб мэтазгоднасці ўстаноўкі відэакамер на пад’ездах і ў дварах шматпавярховак. Аляксандр Францавіч удакладніў, што такая практыка ўжо больш за год “прыносіць плады” на тэрыторыях шматпавярховых забудоваў па вуліцы Навагрудскай у райцэнтры, таму сёння ўзнімаецца пытанне аб далейшым тэхнічным абсталяванні шматкватэрных дамоў у Дзятлаве.

Разглядаючы пытанне па папярэджанні і недапушчэнні крадзяжоў грашовых сродкаў шляхам завалодання зламыснікамі рэквізітаў банкаўскіх картак, кіраўнік раёна ацаніў прафілактычную работу праваахоўнікаў і іншых суб’ектаў прафілактыкі як недастатковую, паколькі колькасць такіх крадзяжоў не змяншаецца, як і злачынстваў з асабістай маёмасцю. Андрэй Садоўскі даручыў узмацніць інфармацыйную і растлумачальную работу з насельніцтвам і разгледзець паўторна пытанне дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі раёна па выніках 11 месяцаў бягучага года.

Як падрыхтаваліся да ўборачнай?

 

У 2022 годзе сельскагаспадарчым арганізацыям раёна трэба будзе ўбраць 15 834 гектары збожжавых і зернебабовых культур, 3590 гектараў азімага рапсу і 1263 гектары яравога.

Для выканання ўсяго комплексу работ па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, рапсу ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна рыхтуюцца 56 збожжаўборачных камбайнаў, 32 прыстаўкі для ўборкі рапсу, больш за 60 адзінак грузавых аўтамабіляў і іншая тэхніка.

На пасяджэнні адзначалася нізкая тэхнічная гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Дварэц-Агра”. Крыху “замаруджана” работа ў КСУПах “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”.

Сабраць зерне без стратаў – толькі першая важная задача, другая – яго  высушыць. У раёне будуць працаваць 17 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Самай непадрыхтаванай зноў аказалася дварэцкая гаспадарка.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі выслухаў тлумачэнні кіраўнікоў вышэйпазначаных прадпрыемстваў і прыняў іх завярэнні аб своечасовай падрыхтоўцы тэхнікі і КЗСаў.

Для ўборкі саломы сёлета будзе задзейнічана 33 прэс-падборшчыкі, у тым ліку 6 камбінаваных. На ўборцы ўраджаю будуць працаваць 243 механізатары, у тым ліку 68 – на збожжаўборачных камбайнах. У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна створаны неабходныя санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў, занятых на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Будуць працаваць 5 лазняў і 7 душавых пакояў. У рамонтных майстэрнях і на зернесушыльных комплексах прадугледжаны пакоі прыёму ежы або навесы, альтанкі, прыстасаванні для прыёму ежы. Усе работнікі, занятыя на ўборцы, будуць забяспечаны гарачым харчаваннем.

Андрэй Садоўскі паставіў на кантроль упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама арганізацыю і правядзенне навучання па бяспецы працы і пажарнай бяспецы з камбайнерамі, слесарамі і аператарамі зернесушылак, трактарыстамі-машыністамі, вадзіцелямі і іншымі работнікамі, якія будуць задзейнічаны на ўборцы ўраджаю ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях.

Ірына КАМАРОВА



Теги: