Рэспубліканскі суботнік. Рабінавая алея да 75-годдзя вызвалення Беларусі з’явілася ў Дзятлаве

Важнае Свежыя навіны Улада

20 красавіка ў дзень рэспубліканскага суботніка каля абеліска Славы ў Дзятлаве была высаджана рабінавая алея да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На гэтым аб’екце добраўпарадкавання працавала кіраўніцтва Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дзятлаўскага РУП ЖКГ.

Пасадзіць маладыя дрэўцы каля помніка да юбілейнай даты, адметнай для ўсёй нашай краіны, – добрая справа, – зазначыў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік. – Маладыя рабінкі хутка пойдуць у рост, кожную весну будуць радаваць дзятлаўчан і гасцей горада белай квеценню, а восенню – палымяна-чырвонымі гронкамі ягад. Папрацаваўшы тут некалькі гадзін, мы пакінем людзям добрую памяць на доўгія гады.

Сёння да нас далучыцца і пасадзіць імянное дрэўца на алеі памяці старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Іванавіч Булак. Яго дзед быў камандзірам партызанскай брыгады, якая дыслацыравалася на Дзятлаўшчыне. Сімвалічна, што нашчадак партызана зможа паўдзельнічаць у пасадцы алеі.

І вось ужо застукалі аб грунт рыдлёўкі, зазвінелі вёдры, работа закіпела. На некалькі хвілін яе перарваў візіт Аляксандра Булака, які прыехаў з сынамі. Хутка і госці далучыліся да працы.

– У час Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне, у раёне Руды Яварскай, у партызанскай брыгадзе “Перамога” ваяваў наш дзед, Павел Іванавіч Булак, – расказаў Аляксандр Іванавіч, – Мы якраз едзем на малую радзіму наводзіць парадак. Пахаваны наш продак-партызан у Дзярэчыне. Памятаем, любім, шануем. Па дарозе плануем заехаць у Малую Волю. Якраз у тым накірунку мясціны, дзе ваявала брыгада дзеда.

Аляксандр Булак, яго сыны Аляксандр і Іван пасадзілі дрэўца і сфатаграфаваліся каля яго на памяць.

Праз некаторы час работы каля абеліска Славы былі скончаны Каля маладых рабінак умацавалі шыльду “Алея закладзена ў гонар 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Красавік 2019”

 

Ірына СТЫРНІК



Теги: