Нам даверана памяць. Патрыятычны аўтапрабег на Дзятлаўшчыне (+відэа)

Галоўнае Улада

 “Дарогамі мужнасці і стойкасці” праехалі ўдзельнікі аднайменнага патрыятычнага аўтапрабегу, прысвечанага 80-й гадавіне вызвалення Дзятлаўскага раёна і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, праваахоўнікі, члены прафсаюзных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў – РГА “Белая Русь”, раённага савета ветэранаў, ГА “БСЖ”, ГА “БРСМ”.

Калона аўтамабіляў, упрыгожаных дзяржаўнай сімволікай, расцягнулася ад Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна да Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Экспедыцыя стартавала ад помніка Іосіфу Філідовічу ў Дзятлаве, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, прайшла праз сакральныя для дзятлаўчан памятныя месцы ў аграгарадках і пасёлках раёна і завяршылася каля падножжа абеліска Славы ў райцэнтры.

Каля помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць загінулых у часы ваеннага ліхалецця салдат і мірных жыхароў хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі.

Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі.

Вадзім Бялятка,
намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– Сёння мы праводзім аўтапрабег па месцах славы Дзятлаўскага раёна, прысвечаны дню вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзю вызвалення Беларусі. 3 ліпеня 1944 года была вызвалена сталіца нашай Радзімы – горад-герой Мінск, 9 ліпеня – горад Дзятлава, да 12 ліпеня – уся сучасная тэрыторыя Дзятлаўскага раёна. Гэта Перамога дасталася савецкаму народу вялікай цаной. На тэрыторыі раёна дзейнічаў актыўны партызанскі рух, з-за чаго фашысты правялі мноства карных аперацый, у выніку якіх загінула шмат мірнага насельніцтва. 23 вёскі нашага раёна знішчаны, 7 з іх – практычна цалкам. Ні адзін з гэтых населеных пунктаў не аднавіўся ў поўным аб’ёме. Бачачы актыўны ўдзел жыхароў раёна, работнікаў арганізацый Дзятлаўшчыны ў патрыятычнай акцыі “Дарогамі мужнасці і стойкасці”, я ўпэўнены, што памяць аб воінах, партызанах, якія вызвалялі наш раён, не будзе занядбана.

Віктар Яцкевіч,
галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ:

– Ужо пятае пакаленне беларусаў жыве пад мірным небам, таму надзвычай важна захаваць і зберагчы памяць аб гадах Вялікай Айчыннай вайны для нашчадкаў, каб ніколі не забыць і не паўтарыць іх. Назаўжды ў нашых сэрцах імёны тых, хто аддаў жыцці дзеля міру ў роднай Беларусі. Прыйсці і пакланіцца іх слаўнаму подзвігу – гонар і святы абавязак для нас, землякоў.

Мікіта Маляўка,
ратаўнік-пажарны Дзятлаўскага РАНС:

– Ад імя ратаўнікоў раёна мы таксама далучыліся да патрыятычнага аўтапрабегу, прысвечанага вызваленню Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Помнім герояў, якія цаной свайго жыцця пастаялі за родную зямлю і здабылі мір, шануем іх памяць для сучасных і наступных пакаленняў. Слава героям-вызваліцелям!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: